няўры́мслівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не можа супакоіцца, суняцца; непаседлівы. Сам гарачы, няўрымслівы, .. [Рэндал] і другім не дае сядзець без работы. Гамолка. Толькі няўрымслівыя хлапчукі.. увесь час выскоквалі на віднае месца, за што ім перападала ад бацькоў і матак. Броўка. // Уласцівы такому чалавеку. Лёня спрактыкаваным вокам прыкмеціў, што не ад хвалявання стары такі рухавы — характар няўрымслівы. Новікаў. Няўрымслівая натура не давала .. [Ганне] спакою, асабліва цяпер, калі яна апынулася ў гушчы барацьбы. Няхай. // Які не сціхае, не змаўкае, не спыняе працяглы час сваёй дзейнасці. Кіпіць у цяснінах, ляціць на прастор Бурлівы, няўрымслівы Вахш. Кірэенка. Вее вецер вясновы, няўрымслівы, свежы. Зарыцкі.
2. Нецярплівы. Самыя наравістыя, самыя няўрымслівыя коні ў яго станавіліся рахманыя, супакойныя, пакорлівыя. Дубоўка. Маленькім крыклівым няўрымслівым сынам наогул здаецца, што час стаіць на месцы... Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)