Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

устаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да уставіць.

•••

Устаўляць (ставіць) палкі ў колы — перашкаджаць чаму‑н.

уста́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які з’яўляецца ўставам. Устаўнае пісьмо. Устаўная вязь.

устаўны́, ‑ая, ‑ое.

Прыстасаваны для таго, каб устаўляць у што‑н. Устаўныя шыпы. // Устаўлены ў што‑н. Устаўны рукаў. Устаўныя зубы. □ Характэрнай асаблівасцю кампазіцыі буйных твораў Якуба Коласа з’яўляецца наяўнасць устаўных алегарычных апавяданняў. Пшыркоў.

уста́ць, устану, устанеш, устане; зак.

1. Стаць на ногі; падняцца з ляжачага, сядзячага становішча. — Устаць! — строга крыкнуў вартаўнік суда. Прысутныя ўсталі. Брыль. Бацька доўга яшчэ сядзеў на ўслоне каля стала. Затым устаў і палез на палаткі. Ляўданскі. Лось устаў на ногі, панюхаў лёд, прабег трушком, рассыпаючы капытамі снег. Пташнікаў. // Прачнуўшыся, падняцца з пасцелі. Маці адкінула коўдру з грудзей, заварушылася з намерам устаць. Якімовіч. — Помню, помню, маці, зараз устану! — адказаў.. [Рыгор] і злез з пасцелі. Гартны. // Паправіцца, выздаравець. [Алаіза] чуць выкачалася ад хваробы. Думала, што ўжо і не ўстане. Арабей. / Пра палеглыя расліны. Пшаніца ўстала пад дажджом. Вялюгін. // перан. Аднавіцца, адбудавацца. Глядзі! Ля нашай школы Устаў з руін Палац. Агняцвет.

2. Падняцца на абарону чаго‑н.; падрыхтавацца да барацьбы за што‑н. І ленінцы, яднаючы рады, За Леніным супроць царызму ўсталі. Астрэйка.

3. Узысці, з’явіцца на гарызонце (пра нябесныя свяцілы). На дварэ светла, толькі што ўстаў месяц. Лобан. / у вобразным ужыв. Нада мною Мядзведзіца ўстала, Замахнулася зорным каўшом. Ляпёшкін.

4. перан. Узнікнуць, з’явіцца; паўстаць. Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. Калі ўсё сціхла і супакоілася — зноў устала пытанне пра дзялянку, пра дровы, а цяпер ужо ў дадатак і пра каня. Васілевіч.

•••

Устаць з зоркай — устаць вельмі рана.

Устаць з левай (не з той) нагі — быць у дрэнным настроі, злавацца без асаблівай прычыны.

Устаць з магілы — выздаравець, ачуняць пасля цяжкай хваробы.

устая́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які ўстаяўся. Па каюце, раптоўна парушыўшы ўстаялую цішыню, паплылі магутныя гукі. Шыцік.

устая́цца, устаіцца; зак.

1. Стаць гатовым для ўжывання ў выніку доўгага стаяння ў пэўных умовах. Віно ўстаялася.

2. перан. Стаць з цягам часу ўстойлівым, пастаянным; перастаць змяняцца. Пагода якраз устаялася і абяцала працягнуцца надалей. Гартны.

устая́ць, устаю, устаіш, устаіць; зак.

1. Утрымацца ў вертыкальным становішчы, не ўпасці; захаваць стан раўнавагі. Устаяць на нагах. □ Вагон раптам тузанула, і чалавек пахіснуўся, але ўстаяў. Адамчык. Зазвінеў, напяўшыся, трактар, тузанула валакушы, Андрэй не ўстаяў і ўпаў на калені, учапіўшысяся за снапы. Пташнікаў. // Змагчы прабыць, пратрымацца нейкі час пры якіх‑н. абставінах. Ля сцен казармы больш нельга было ўстаяць — агонь раз’юшана бушаваў, абдаваў страшэннай гарачынёю. М. Ткачоў.

2. Стрымаць націск каго‑, чаго‑н., адстаяць у барацьбе свае пазіцыі, не паддацца. — Здавайцеся! Усё роўна вам утраіх не ўстаяць супроць усіх! Маўр. — Трагедыя ў В’етнаме — вынік ігнаравання Амерыкай грамадскай думкі свету... Маленькі народ, перакананы ў сваёй справядлівай барацьбе, устаяў перад агрэсарам... Кавалёў. // Перанесці неспрыяльныя ўмовы (пра расліны). [Бярэзіны:] Грэла нас сонейка, песціў вецярок, не раз хістала бура, нагінаючы да самай зямлі, не адну зламала бура з нас, але мы ўстаялі, выраслі. Галавач.

3. перан. Астацца стойкім, не паддацца чаму‑н. [Аўсянік:] — Перад тваімі чарамі не можа ўстаяць ніводзін мужчына. Шамякін.

усто́й, ‑я, м.

1. Спец. Апора, бык ​2.

2. звычайна мн. (усто́і, ‑яў); перан. Уклад жыцця, замацаваны традыцыям. Устоі жыцця. Маральныя ўстоі. □ Гераічная барацьба лепшых сыноў рабочага класа падарвала ўстоі самаўладства. Купала.

усто́йвацца, ‑аецца.

Незак. да устаяцца, устояцца.

усто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да устаяць, устояць.

усто́йлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць устойлівага. Устойлівасць збудавання. Устойлівасць руху. Устойлівасць светапогляду. □ Я перабегла на другое [бервяно] і стала трывала, адразу адчуўшы ўстойлівасць плыта. Савіцкі.