усла́віць, услаўлю, уславіш, уславіць; зак., каго-што.
Праславіць, усхваліць, апець. З усіх чалавечых армій Я сёння ўславіць хачу Тую, якая раўняецца, Тую, якая змагаецца — Па Ільічу. Макаль. Янка гукнуў: — Увага! Хлопцы! Уславім у валачобнай песні нашу мілую гаспадыню, Вольгу Сцяпанаўну. Колас.
усла́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад услаць.
услаўле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. услаўляць — уславіць.
усла́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уславіць.
услаўля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да услаўляць.
услаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да уславіць.
усла́цца, усцелецца; зак.
Пакрыцца чым‑н. па ўсёй паверхні; укрыцца.
усла́ць, усцялю, усцелеш, усцеле; зак., што.
Пакрыць усю паверхню чым‑н. Дробныя ігліцы яловых лапак высахлі і асыпаліся, услаўшы дно салашоў тоўстым пухкім пластом. Колас. // Заняць сабою ўсю прастору, паверхню чаго‑н. Не пужайся, што здрадныя хмары Неба ўслалі з канца да канца. Купала.
усле́д, прысл. і прыназ.
1. прысл. Непасрэдна за кім‑, чым‑н. Над параходам з’явілася чайка і паляцела ўслед. Даніленка. На павароце Хмыль аглянуўся: расхінуўшы на грудзях кажушок, Мацей памалу ішоў услед. М. Стральцоў. / З прыназ. «за» ўтварае спалучэнне з Т. Наташа з дзяўчатамі вязала ў полі снапы ўслед за жняяркамі. Асіпенка. Услед за ёю [восенню] вецер закаханы Шэпча чараўніцы пра любоў. Скурко. Услед за статкам рушылі падводы і грузавікі з калгасным дабром. Якімовіч. // У напрамку каго‑, чаго‑н., што аддаляецца. Віця пастаяў трошкі, паглядзеў услед і павярнуўся ісці дахаты. Каліна. [Ляцяць] у вырай журавы. Услед махаюць крыллем кволым Кусты, лімонніцы, чмялі. Барадулін.
2. прысл. Наўздагон за кім‑н. Ссутуліўшыся, .. [яфрэйтар] кінуўся быў да машыны. Услед пасыпалася каменне. Лынькоў. — Ходзіць, зрэнкі заліўшы, і ўсе ў яго вінаватыя, а толькі не ён, — зняважліва кінула.. [пасажыру] ўслед буфетчыца. В. Вольскі.
3. прысл. У той жа момант, амаль адначасова. Выскаквалі з двароў дзеці, .. крычалі на ўсе галасы: «Вяселле едзе!» .. Выбягалі ўслед бабы, дзяўчаты. Лынькоў.
4. прыназ. з Д. У напрамку каго‑, чаго‑н., што аддаляецца. Арцём чамусьці скоса паглядзеў услед дзяўчыне і адвярнуўся спінай. Ракітны. Сэрца ў хлопчыка заб’ецца, Сам увесь ён задрыжыць, І сама душа, здаецца, Услед звону паляціць. Колас.
усло́н, ‑а, м.
Пераносная лаўка на ножках у сялянскай хаце. Табурэтак на ўсіх не хапае і прыходзіцца ўнесці з сяней доўгі ўслон. Навуменка. [Камісар] пераставіў услон бліжэй да дзверцаў і сеў. Сіняўскі. Малым прысніўся дзіўны сон, Што нехта, у шынялі паходным, Прыйшоў, як бацька, сеў на ўслон І стаў пытаць пра ўсё лагодна. Танк.