Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

усынаві́цель, ‑я, м.

Той, хто ўсынавіў або ўсынаўляе каго‑н.

усынаві́ць, ‑наўлю, ‑навіш, ‑навіць; зак., каго.

Прыняць у сваю сям’ю хлопчыка на правах роднага сына. Калі хлопчык падрос так, што трэба было аддаваць у школу, прафесар афіцыйна ўсынавіў яго. Новікаў.

усынаўле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. усынаўляць — усынавіць.

усынаўля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да усынаўляць.

усынаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да усынавіць.

усыно́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад усынавіць.

усыпа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. усыпа́ць — усы́паць (у 1, 2 знач.).

усы́паны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад усы́паць (у 1, 2 знач.).

усы́пацца, ‑плецца; зак.

1. Змясціцца дзе‑н. (аб чым‑н. сыпучым).

2. Стаць усыпаным чым‑н. У снежнай белі квецені звінелі пчолы, пялёсткамі ўсыпаўся дол. Дуброўскі.

усыпа́цца, а́ецца; незак.

1. Незак. да усы́пацца.

2. Зал. да усыпа́ць.

усы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак.

1. што і чаго. Насыпаць чаго‑н. куды‑н.; высыпаць. Андрэй, як і Алёша, расцёр на далоні колас, прадзьмуў зерні і ўсыпаў у рот. Лобан. Маці знайшла торбу і ўсыпала ў яе з гарнец бульбы. Якімовіч.

2. што. Пакрыць усю паверхню чым‑н. сыпучым. Снег усыпаў зямлю. □ Апалыя лісты ўсыпалі сцежкі і мокрую траву. Грахоўскі. // перан. З’явіцца на паверхні чаго‑н. у вялікай колькасці. Гракі ўсыпалі ўсё ржышча, і яно здавалася жывым, нібы рухалася. Хомчанка. Зоры чыстыя, буйныя ўсыпалі неба. Карпаў.

3. каму. Разм. Пабіць або вылаяць каго‑н. [Ян:] — От здыму папругу ды як усыплю, то навучышся і сеяць і са старэйшымі гаварыць. Чарнышэвіч. // Узяць пад арышт. — Што з ім [Іванам] рабіць? Мо паклікаць участковага, хай усыпле сутак пятнаццаць? — ні то папытаў, ні то прапанаваў вусаты дзядзька Мікалай. Місько. // Нанесці ўдар па ворагу. [Мірановіч] успамінаў апошні свой бой, і тады то дакараў сябе, што не ўбярогся, то адчуваў задаволенасць, што ўсё ж немцам усыпалі і што ён сам падбіў танк... Марціновіч.

•••

Усыпаць бярозавай кашы каму — тое, што і даць бярозавай кашы (гл. даць).

Усыпаць гарачых (бізуноў) — пакараць каго‑н., адсцябаць, выхвастаць.

усыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да усы́паць.