Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

усва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Сватаючы, дабіцца згоды на шлюб; сасватаць. [Несцер Іпатавіч:] — Нават дзецюка самага лепшага ва ўсім Турчанскім раёне вам [Валянціна Фёдараўна] за мужа ўсватаў. Дубоўка.

2. перан. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. — Ат, — пачуўся насмешлівы голас Лясовіча, — вы самі, Сцяпан Захаравіч, усваталі яго ў старшыні і робіце выгляд, што плачаце. Хадкевіч. Думаў я пра гэта і вечарам, калі клаўся спаць на сваім новым ложку ў хаце цёткі Антоніхі, куды мяне ўсватаў на жыхарства калгасны бухгалтар. Нядзведскі. // Схіліць каго‑н. да чаго‑н. [Усевалад:] — Баюся нават сказаць, Барыс. Вельмі ж у цяжкую справу ты мяне ўсватаў. Скрыган. // Навязаць каму‑н. што‑н. Кожнай з гэтых баб хацелася больш за ўсіх увайсці ў Аміліна давер’е, бо гэта быў тавар, які можна было ўсватаць шмат каму, і мець ад гэтага нейкі заработак. Чорны.

усведамле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. усведамляць — усвядоміць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. усведамляцца — усвядоміцца. Моўчкі ідуць.. [Аўгіня і Алеся] ад магілы, адна ў засмучэнні аб тым, што было, другая ў радасным усведамленне, што сапраўдны бацька яе — герой-партызан. Колас. Усведамленне сваіх памылак не лажылася ў галаву Юхневіча, не хацелася прызнаваць няправільнасць сваіх думак, і было крыху крыўдна, што ён, відаць, сапсаваў вячэру Андрэю. Савіцкі. Вараніцын сеў, горды ад усведамлення выкананага ім абавязку. Асіпенка.

усведамля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да усведамляць.

усведамля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да усвядоміць.

усвядо́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., што.

Поўнасцю, да канца зразумець што‑н.; уразумець. Юнацтва планеты ўсвядоміла, што сёння ствараецца будучыня і для яго. «Маладосць». Адна справа ўсвядоміць з’яву, другая справа пазбыцца схільнасцей і звычак, якія ты ўвабраў з малаком маці. Карпюк. [Стасюню] падвялі да Кісялёва, і толькі цяпер яна поўнасцю ўсвядоміла ўсё, што адбылося. Чарнышэвіч.

усвядо́млены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад усвядоміць.

усвядо́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да усвядоміць.