усса́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уссадзіць.
усса́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уссадзіць.
уссадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак.
1. каго. Падняўшы, пасадзіць, паставіць на што‑н. [Боганчык:] — Я вам не Янук. Янука ўссадзілі на калёсы, дык яму... усё роўна, ці ў камендатуру, ці на могілкі пад Сушкава... Пташнікаў. // Дапамагчы каму‑н. узабрацца на што‑н. высокае. Уссадзіць на стог сена.
2. што. Шчыльна пасадзіць, надзець на што‑н. Уссадзіць сякеру па тапарышча. // Разм. З цяжкасцю адзець што‑н. цеснае, вузкае. Наперадзе.. смешна скакала на адной назе маленькая дзяўчынка — ніяк не магла ўссадзіць скінуты чаравік. Хадановіч.
уссе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. уссеў, ‑села; заг. уссядзь; зак.
Разм.
1. Наваліцца ўсім сваім цяжарам. Урэшце Кастусь заламаў Віцю рукі і ўссеў яму на спіну. Марціновіч.
2. Сесці куды‑н., на што‑н. у вялікай колькасці. Яны беглі падскокваючы. Зазяваешся — мурашкі адразу ўссядуць на ногі і пачнуць шчыпаць. Ваданосаў.
3. З лютасцю напасці. Вось тут на мяне і ўссела зграя раз’юшаных вясковых сабак і давай калашмаціць. Сяргейчык.
4. перан. Неўзлюбіўшы каго‑н. або раззлаваўшыся на каго‑н., папракаць, чапляцца да каго‑н. [Зорын:] — Вы будзеце ў мяне рабіць, як міленькі!.. Я вас прымушу!.. Гэта ж трэба, першакласны слесар, на кране адседжваецца... Ганьба!.. — Дарэмна вы на яго ўсселі, — спагадліва гаварыў Мюлер. — Стары чалавек... Гурскі.
•••
Уссесці па карак (шыю) каму — тое, што і сесці на карак (шыю) каму (гл. сесці).
Чорт уссеў на каго гл. чорт.
уссо́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. уссоўваць — уссунуць.
уссо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да уссунуцца.
2. Зал. да уссоўваць.
уссо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уссунуць.
уссу́нуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уссунуць.
уссу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. Нечакана наткнуцца на каго‑, што‑н. у час руху. Уссунуцца на пень. □ — А браткі ж мае, — гаварыў часам «дзядзька», спускаючыся з мокрага ганка, — вось цемрыва, хоць на воўка ўссунься, а-я-яй! Чорны.
уссу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
1. Сунучы, падняць наверх. Уссунуць бэльку на зруб.
2. Разм. Абуць, надзець (звычайна наспех, часова). Андрэй устаў, не запальваючы лямпы адзеўся, уссунуў на ногі боты, зняў з крука кажух і шапку, апрануўся і пайшоў з хаты. Чарнышэвіч.