уна́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Панадзіцца рабіць што‑н. непажаданае. — Унадзіўся падлюка-каршун лятаць, — паскардзіўся .. [дзед] бабцы Вікці. — Сёння зноў маладога пеўніка схапіў. Даніленка. [Павел Сцяпанавіч:] — Залетась тут, у Пяцідуб’і, браканьеры ясень унадзіліся красці. Ляўданскі. // Стаць часта наведваць каго‑н. Да старога неўзабаве ўнадзілася хадзіць на вячоркі ўдава з суседняга засценка. Гурскі.
уна́длівы, ‑ая, ‑ае.
Які ўнадзіўся, панадзіўся рабіць што‑н. — Усё праз гэтую ўнадлівую, праз тваю палюбоўніцу, — зазлавала Оля і ўжо не стрымала крыўды. Гроднеў.
уна́ймы, прысл.
У часовае карыстанне за пэўную плату. Здаць пакой унаймы.
•••
Ісці ўнаймы (уст.) — наймацца на работу, ісці ў парабкі. Чым ты засееш паласу сваю? Які ўраджай з дажынак прынясеш? Унаймы можа прыйдзецца ісці? Танк.
унакі́дку, прысл.
Абл. Наапашкі. Скрыпнулі дзверы. У іх чорным прагале з’явілася постаць чалавека ў чыгуначнай спяцоўцы ўнакідку. Лынькоў. Андрэй сядзеў каля зямлянкі хмуры. Паліто ўнакідку з’ехала з плячэй. Няхай.
унакла́дку, прысл.
Разм. Палажыўшы цукар у чай, кофе і пад., у адрозненне ад упрыкуску.
унанга́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да унанганаў, які належыць, уласцівы ім.
унанга́ны, ‑аў; адз. унанган, ‑а, м.; унанганка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. унанганкі, ‑нак; ж.
Тое, што і алеуты.