Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

універма́г, ‑а, м.

Універсальны магазін. Дзіцячы універмаг. □ Маці пляскае рукамі і тут жа, ва універмагу, пачынае выбіраць хлопчыку іншы абутак. Даніленка.

універса́л, ‑а, м.

1. Той, хто валодае разнастайнымі спецыяльнасцямі ў сваёй прафесіі. Слесар-універсал. Канструктар-універсал.

2. У астраноміі і геадэзіі — інструмент для вымярэння гарызантальных і вертыкальных вуглоў.

[Ад лац. universalis — усеагульны.]

універсаліза́цыя, ‑і, ж.

Наданне універсальнасці чаму‑н. Універсалізацыя машын, якія ажыццяўляюць працэсы кіравання.

універсалі́зм, ‑у, м.

Кніжн. Валоданне разнастайнымі ведамі, звесткамі, навыкамі. // Мнагапланавасць чаго‑н. Універсалізм дробнай сялянскай гаспадаркі.

універса́ліі, ‑ій; адз. няма.

Тэрмін, які абазначае агульныя паняцці.

•••

Універсаліі лінгвістычныя — з’явы і ўласцівасці, характэрныя для ўсіх моў свету.

[Ад лац. universalis — усеагульны.]

універса́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць універсальнага. Універсальнасць акцёра. Універсальнасць метадаў лячэння. □ Універсальнасць, усеабдымнасць, дакладнасць і сцісласць — гэтыя вызначальныя рысы выданняў такога тыпу .. вытрыманы і ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Юрэвіч.

універса́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ахоплівае ўсё, многае; усеабдымны. Універсальныя веды. Універсальныя звесткі. Універсальны спецыяліст. // Прызначаны для гандлю разнастайнымі таварамі. Універсальны магазін.

2. З разнастайным прызначэннем, для разнастайнага выкарыстання. Універсальны інструмент. Універсальная сталь. Універсальны станок.

універса́м, ‑а, м.

Вялікі магазін з самаабслугоўваннем, які гандлюе прадуктовымі і непрадуктовымі таварамі паўсядзённага пошту.

універса́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Разм. Студэнт універсітэта; чалавек з універсітэцкай адукацыяй.

універса́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Жан. да універсант.