уба́віцца, убаўлюся, убавішся, убавіцца; зак.
1. Зменшыцца, паменшыцца (у памерах, аб’ёме, колькасці і пад.). За год сям’я ўбавілася напалову. Убавіцца ў вазе. // часцей безас. Паменшыцца, аслабіцца ў сваім праяўленні (пра сілу якога‑н. дзеяння, стану і пад.). Кажу, не бяда, пані Ядзя, гонару ад таго не ўбавіцца, а дровы ў школе будуць. Быкаў.
2. часцей безас. Аддзяліцца ад чаго‑н., памяншаючы памеры, аб’ём або колькасць чаго‑н. З калоны ўбавілася некалькі чалавек.
уба́віць, убаўлю, убавіш, убавіць; зак.
1. што і чаго. Зменшыць, паменшыць што‑н. (памеры, аб’ём, колькасць і пад.). Убавіць выдаткі. Убавіць цану. Убавіць веку. □ І пасля вайны бярозы не ўбавілі соку. Грамовіч. // Зменшыць, аслабіць сілу чаго‑н. (дзеяння, стану і пад.). Убавіць крок. □ Ні акладу [Купчыну] не знізілі, ні гонару не ўбавілі, прызначыўшы майстрам. Мыслівец.
2. што і без дап. Устараніць, адкінуць што‑н., змяншаючы, скарачаючы (памеры, аб’ём, колькасць і пад.). [Мая:] Гісторыя, Васілій Паўловіч, што тая песня: не ўбавіш, не прыбавіш, як кажуць. Губарэвіч.
убайдо́сіць, ‑дошу, ‑досіш, ‑досіць, зак., каго.
Разм.
1. Забіць, уходаць. Ледзь убайдосілі япрука.
2. Прымусова змясціць куды‑н.; зняволіць. За злачынствы яго ўбайдосілі ў турму.
убаку́, прысл.
1. У некаторым аддаленні ад каго‑, чаго‑н. Пакрыўджаны Якім стаяў убаку, пакуль не прайшлі ўсе касцы паўз яго. Дуброўскі. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. Там, крыху ўбаку ад вуліцы, расла высачэзная таполя. Чарнышэвіч. [Уладзя] мінуў родную мясціну, прайшоў ад яе ўбаку за пяць кіламетраў. Чорны.
2. перан. Па-за асноўным напрамкам дзейнасці, па-за агульным шляхам развіцця. [Дзмітрый Аляксандравіч:] А дакуль лабараторыя будзе стаяць убаку? Не, не! Няхай і яна падключаецца. І — неадкладна. Нам патрэбны аналізы без затрымкі. Савіцкі. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. [Паэма «Сымон-музыка»], як і «Новая зямля», не засталася ўбаку ад магістральных тэм нашай эпохі. Лойка.
убарані́цца, ‑ранюся, ‑ронішся, ‑роніцца; зак.
Разм. Абараніць сябе ад нападу, замаху, варожых дзеянняў. Убараніцца ад ворага. // Засцерагчы сябе ад небяспекі, непрыемнасцей і пад. Убараніцца ад бяды.
убарані́ць, ‑раню, ‑роніш, ‑роніць; зак., каго-што.
Разм. Абараніць каго‑, што‑н. ад нападу, замаху, варожых дзеянняў. Земляў чужых мы не хочам, Землі ўбаронім свае. Купала. // Засцерагчы ад небяспекі, шкоды і пад. Убараніць дзіця ад хваробы. □ Але няхай цябе ўбароніць Мой голас сэрца, дарагі! Колас. І можа толькі дружба ўбараніла іх абодвух ад смерці. Васілевіч.
убаро́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад убараніць.
убаро́ць, убора; зак., каго.
Абл. Баднуць. Да .. [Петрыка] ідзе Падласка, рогі паставіла і галаву ўвагнула, убароць хоча. Крапіва.
уба́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. убаўляць — убавіць і стан паводле знач. дзеясл. убаўляцца — убавіцца.
убаўле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. убаўляць — убавіць і стан паводле знач. дзеясл. убаўляцца — убавіцца.