Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

убіва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. убіваць — убіць.

убіва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да убіцца.

2. Вельмі моцна гараваць. [Насця:] — Вы толькі не ўбівайцеся, вось пабачыце,.. [сын] яшчэ аб’явіцца, вернецца. Лупсякоў.

3. Зал. да убіваць.

убіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да убіць.

убінтава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад убінтаваць.

убінтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

Перавязаць бінтамі, марляй; забінтаваць. Убінтаваць раны. □ У мяне быў індывідуальны пакет, і я, як умеў, убінтаваў бядро. Сабаленка.

убінто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да убінтаваць.

убіра́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. убіраць — убраць і убірацца — убрацца.

убіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да убрацца (у 1 знач.).

2. Незак. да увабрацца.

3. Зал. да убіраць.

•••

Убірацца ў сілу — а) падрастаць, мужнець; б) разжывацца, мацнець матэрыяльна. Калгас убіраўся ў сілу; в) умацоўвацца арганізацыйна, развівацца. То быў час, калі маладое савецкае жыццё сталела, убіралася ў сілу. М. Ткачоў; г) расці, умацоўвацца (пра расліннасць). Не пусцее за кручай дзялянка, Убіраюцца ў сілу дудкі. Свірка; д) узнімацца (пра сонца), пачынацца, наставаць (пра пару года, дня і пад.). Сонца яшчэ толькі ўбіралася ў сілу, але расы ўжо не было. Беразняк. Аднак праходзіў час, летняя духмяная раніца ўбіралася ў сілу, а на дарогах было ціха. Кулакоўскі. А восень усё больш убіралася ў сілу. Ужо ўвесь лес быў голы. Лупсякоў.

Убірацца ў тогу каго-чаго — спрабаваць выдаць сябе за каго‑н. або заваяваць сабе якую‑н. рэпутацыю, не маючы на гэта дастатковых падстаў.

убіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

1. Незак. да убраць.

2. Незак. да увабраць (у 1, 2 знач.).

убі́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад убіць.

2. у знач. прым. Утаптаны, утрамбаваны да цвёрдасці. Убітая сцежка. □ За брамкай і брамай з чорных жалезных прутоў — залітая сонцам прастора, сем-восем крокаў па ўбітым жвіры. Брыль. Пад нагамі свістала і спявала ўбітая гладкая дарога. Чарнышэвіч. / у знач. наз. убі́тае, ‑ага, н. Конь, вывернуўшы з пяску на ўбітае, мінуў адразу Боганчыкавы калёсы, зачапіўся быў колам за заднюю вось, мінаючы Махорку, і цяпер пер .. у лагчыну. Пташнікаў.