убо́га,
1. Прысл. да убогі (у 1, 3 знач.).
2. безас. у знач. вык. Бедна. [Марына:] — Просім да стала, Хоць на стале ў нас убога. Колас.
3. безас. у знач. вык. Без раскошы і ўпрыгожанняў; проста. У пакоі было ўбога і няўтульна. С. Александровіч.
убо́гасць, ‑і, ж.
Уласцівасць, якасць або стан убогага. Убогасць абсталявання. Убогасць побыту.
убо́гі, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца ў беднасці, бедны. Зімняя ночка. Стужа ў полі. Вецер сярдзіты гудзе... К вёсцы ўбогай ціха, паволі Хтось незнаёмы ідзе. Чарот. Калісьці гэта быў убогі шляхецкі засценак. С. Александровіч. // Які сведчыць аб беднасці; уласцівы бедняку. Аднойчы, прыгнаўшы з пашы карову, Антон убачыў у сваёй убогай хаціне двух салдат. Сабаленка. Адкупнік агледзеў убогі хатні скарб, скрывіўся. Якімовіч.
2. Разм. Які мае калецтва, фізічны недахоп. Пышная душа ва ўбогім целе. Прыказка. / у знач. наз. убо́гі, ‑ага, м.; убо́гая, ‑ай, ж. [Андржаяка:] Па дарозе я спаткаў Ці то ўбогую, ці проста багамолку. Клімковіч.
3. Нязначны (па аб’ёму, колькасці); небагаты. Убогія сродкі. □ Хмары, балоты... Над збожжам убогім Вецер гуляе на волі. Багдановіч. // Недасканалы, прымітыўны. Убогая тэхніка. // Пазбаўлены раскошы і ўпрыгожанняў; просты. Паўлюк нёс аднекуль з запечча маленькую ўбогую газовачку. Зарэцкі. // Варты жалю. [Валодзя:] — Бачыш, які ў .. [вёскі] цяпер убогі выгляд. А глянула б ты перад вайной на яе з гэтага ўзгорка! Стаяла цэлая града дубоў. Федасеенка.
4. Бедны па зместу. Убогі спектакль. Убогая фантазія. // Абмежаваны духоўна. Слухайце музыку .. Прымайце яе праз свае ўяўленні, праз вобразы свайго жыцця!.. Толькі злыя і ўбогія душы ніколі не спазнаюць музыку. Вітка. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.
убо́іна, ‑ы, м. і ж.
Адпеты гультай, неслух. — Што гэта, «убоіна»? — пытаецца Ніна, спыніўшы прасці. — Ну, гультайка, няўдаліца... Брыль. [Бацька:] — Казаў жа я табе, каб пачапіў шнурок, а ты, убоіна; не паслухаў бацьку. Масарэнка.
убо́к, прысл.
Управа або ўлева ад чаго‑н. Белаваты струмень, нібы рака, перасек .. [хлопцам] дарогу і пачаў адносіць човен убок. Маўр.
убо́р, ‑у, м.
Убранне, адзенне; строі. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы. Асіпенка. [Сяргей з Таняй] спыніліся каля палаткі з дзявочымі ўборамі. Машара. Выходзіць Домна Іванаўна — маці паэта, вясковая кабета ў простым чысценькім уборы. С. Александровіч. // Адзенне, убранне, прызначанае на якія‑н. пэўныя акалічнасці. Шлюбныя уборы. □ Усе леснікі былі ўжо ў зборы, у лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі. Колас. // Тое, што і галаўны ўбор. Дождж, я верыў, дабрадзей, І чакаў яго штодзень. Дачакаўся І — на двор, З галавы здымаю ўбор. Калачынскі. // Якое‑н. упрыгожанне або дадатак да ўбрання чаго‑н. Хоць гаспадар і ўздыхнуў па ім [кані], ды зняў сядло з уборам залатым. Дубоўка. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (лісце, снег, іней і пад.). Бярозы былі ў прыгожым уборы, на ветры трапяталася зялёнае, з ружовым адценнем лісце. Гурскі. Пахіліліся галіны пад белым уборам. Лынькоў. Мне на плечы ніцыя акацыі Сыплюць свой пялёсткавы ўбор. Шымук.
•••
Галаўны ўбор — агульная назва рэчаў, якія надзяваюцца на галаву (шапкі, капелюшы і пад.).
убо́рачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ўборкі сельскагаспадарчых культур. Уборачная пара. Уборачныя работы. Уборачная кампанія. // Прызначаны для ўборкі ўраджаю. Уборачная тэхніка. Уборачныя машыны.
2. у знач. наз. убо́рачная, ‑ай, ж. Уборка ўраджаю, а таксама пара ўборкі ўраджаю. Уборачная не сёння-заўтра распачнецца. Васілевіч.
убо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. убіраць — убраць (у 1 знач.).
убо́ства, ‑а, н.
1. Уласцівасць і стан убогага. Убоства жыцця. Убоства душы. Разумовае ўбоства. □ З агідай бічаваў паэт духоўнае ўбоства ў вершах «Званковы валет». Лойка. Дзяцінства і юнацтва Змітрака Бядулі прайшлі ў вясковай глушы, і на яго светапоглядзе, на яго духоўным развіцці як чалавека і паэта адчуваўся ўплыў як перадавых тэндэнцый часу, так і ўбоства правінцыяльнай рэчаіснасці. Каваленка.
2. Крайняя беднасць, галеча, жабрацтва. Давесці да ўбоства. // Непрыглядны выгляд; непрыгожасць. Зрэшты,.. [дзяўчына] была худая, плоская, недарэчна высокая, непрыгожая з твару, і какецтва яе, нягледзячы на вопыт і тэхніку, толькі падкрэслівала ўбоства. Брыль.