убогі, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца ў беднасці, бедны. Зімняя ночка. Стужа ў полі. Вецер сярдзіты гудзе... К вёсцы ўбогай ціха, паволі Хтось незнаёмы ідзе. Чарот. Калісьці гэта быў убогі шляхецкі засценак. С. Александровіч. // Які сведчыць аб беднасці; уласцівы бедняку. Аднойчы, прыгнаўшы з пашы карову, Антон убачыў у сваёй убогай хаціне двух салдат. Сабаленка. Адкупнік агледзеў убогі хатні скарб, скрывіўся. Якімовіч.
2. Разм. Які мае калецтва, фізічны недахоп. Пышная душа ва ўбогім целе. Прыказка. / у знач. наз. убогі, ‑ага, м.; убогая, ‑ай, ж. [Андржаяка:] Па дарозе я спаткаў Ці то ўбогую, ці проста багамолку. Клімковіч.
3. Нязначны (па аб’ёму, колькасці); небагаты. Убогія сродкі. ▪ Хмары, балоты... Над збожжам убогім Вецер гуляе на волі. Багдановіч. // Недасканалы, прымітыўны. Убогая тэхніка. // Пазбаўлены раскошы і ўпрыгожанняў; просты. Паўлюк нёс аднекуль з запечча маленькую ўбогую газовачку. Зарэцкі. // Варты жалю. [Валодзя:] — Бачыш, які ў .. [вёскі] цяпер убогі выгляд. А глянула б ты перад вайной на яе з гэтага ўзгорка! Стаяла цэлая града дубоў. Федасеенка.
4. Бедны па зместу. Убогі спектакль. Убогая фантазія. // Абмежаваны духоўна. Слухайце музыку .. Прымайце яе праз свае ўяўленні, праз вобразы свайго жыцця!.. Толькі злыя і ўбогія душы ніколі не спазнаюць музыку. Вітка. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)