Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

убра́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан убранага.

убра́нне, ‑я, н.

1. Адзенне, убор; строі. Васіль .. стаў перад Аўгіняй, каб паказацца ёй у гэтым шыкарным убранні. Колас. Вось і шыльда майстэрні .. Побач — невялікая люстраная вітрына, поўная ўзораў жаночага ўбрання. Машара. // Спецыяльнае адзенне, убор. — Я ўжо не ў арміі, — дадаў .. [Андрыян], заўважыўшы, што бабуля пазірае на яго вайсковае ўбранне. Марціновіч. [Даўгулевіч:] — Потым я пачуў нечыя крокі і ўбачыў жаночую постаць у падвянечным убранні. Гурскі. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (пра снег, лісце і пад.). Прыгадаўся адзін залаты ў асеннім убранні дзень. Асіпенка. І тут зусім нечакана паваліў снег. Ціхі такі, спорны. Неўзабаве ўся зямля была ў белым убранні. Ігнаценка. Парк заціхаў, убранне яго жоўкла, асыпалася. Ракітны.

2. Аддзелка, абсталяванне памяшкання. — Усё сам парабіў, — зазначыў Хмялеўскі, заўважыўшы, што Андрэй з цікавасцю аглядае ўбранне яго хаты. Чарнышэвіч. // Убор, аздабленне чаго‑н. Будаўнікі здымалі рыштаванні з гатовых дамоў, і горад прыгажэў на вачах, апранаючыся ў святочнае ўбранне — транспаранты, плакаты, лозунгі, сцягі... Карпаў. Бацька прынёс зялёную густую елачку, і Тоня па вечарах пасля ўрокаў рыхтуе для яе ўбранне. Ус.

убра́нства, ‑а, н.

Разм. Тое, што і убранне. І між усякага ўбранства Відна і дзядзькава апратка, Пільчак і шапачка-аладка. Колас. Аказваецца, сосны і ўзімку мяняюць сваё зялёнае ўбранства. Курто.

убра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад убраць.

2. у знач. прым. Прыведзены ў парадак; упрыгожаны. Убраная хата.

убра́цца, убяруся, убярэшся, убярэцца; убяромся, уберацеся, убяруцца; зак.

1. Набыць прыгожы выгляд, стаць прыгожым. Убраліся ў чырвань праспекты і плошчы І ў [к]вецень вясновую — дрэвы садоў. Хведаровіч. // Прыгожа адзецца, прыбрацца, разадзецца; выстраіцца. Убрацца ў святочны касцюм. □ [Міхаліна:] — А калі адчыніла шафу, каб адзецца, то адчула, што знікла маё жаданне ўбрацца па-святочнаму. Шамякін.

2. Разм. Управіцца з уборкай ураджаю. [Ганна:] — Напішы, Алеська, што ўбраліся са збажыною. Скрыган.

•••

Убрацца ў пер’е — абжыцца, палепшыць матэрыяльнае становішча, пачаць жыць самастойна.

убра́ць, убяру, убярэш, убярэ; убяром, убераце, убяруць; зак., што.

1. і без дап. Сабраць ураджай (сельскагаспадарчых культур). Убраць буракі машынамі. □ [Дзед Паўлюк:] «Надвор’е ж добрае — убяром на славу!» Корбан.

2. Надаць прыгожы выгляд, упрыгожыць. Убраць партрэты вянкамі. / Пра лісце, іней і пад. Убрала восень навакол Палі і луг страката. Кірэенка.

убро́д, прысл.

Ідучы (едучы) па дне ракі, возера і пад. (у неглыбокім месцы); проціл. уплаў. [Лабановіч з ураднікам] селі ў брычку, праехалі Мікуцічы, адтуль цераз Нёман, уброд, выбраліся на дарогу. Колас. Уброд пераходжу праз плёс. Мне дзіўна і незразумела: Ці сам я настолькі падрос, Ці гэтак яна [рака] памялела. Аўрамчык.

убрукава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад убрукаваць.

убрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Разм. Забрукаваць поўнасцю, цалкам; выбрукаваць. Убрукаваць усю вуліцу.

убруко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да убрукаваць.