Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уну́к, ‑а, м.

1. Сын дачкі або сына. Вестка — унук нарадзіўся — прыйшла. От жа сэрца і рвецца: Як там? Што там у іх? Каб магла, Паляцела б, здаецца... Гілевіч.

2. толькі мн. (уну́кі, ‑аў). Нашчадкі. Хто высаджваў ля бруку Сотні дрэўцаў густых? — Мы, Мічурына ўнукі, Тут вырошчваем іх. Нядзведскі. — Трэба, .. каб гэтую казку [пра прыгажуню-Алёну] заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.

уну́каў, ‑ава.

Які належыць унуку, уласцівы ўнуку. Вежу падабаўся ўчэпісты, гаспадарскі і ўсё ж ва ўсім добры ўнукаў розум. Караткевіч.

уну́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад унурыць.

2. у знач. прым. З апушчанай галавой, хмурны. Усе сядзелі ўнураныя, паапускаўшы галовы, і пакутліва чакалі, ці скора скончыцца прамова. Дуброўскі. Грэбліва павёўшы брывом, Юрка адклаў кнігу і сеў — унураны, быццам адгароджаны сцяной ад айчыма. Карпаў.

3. у знач. прым. Паглыблены ў што‑н., задуменны. Васіль Дзяцел хмурна кусаў травінку, унураны, непадступны. Мележ.

уну́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да унурыцца.

уну́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да унурыць.

уну́рысты, ‑ая, ‑ае.

Хмурны, нелюдзімы. Прыйшоў Мікіта — дужы хлапчына з масянжовым тварам, троху сутулаваты, унурысты і маўклівы. Зарэцкі.

уну́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Утуліцца ў што‑н. [Караба] зноў унурыўся галавой у падушку і адразу захроп. Асіпенка. // Паваліўшыся з разгону наперад, уткнуцца тварам у снег, зямлю і пад. Толя ўпаў каля нейкага драўлянага доміка і ўнурыўся тварам у пясок. Якімовіч.

2. Захапіўшыся, паглыбіцца ў што‑н., задумацца. У дарозе людзі паводзяць сябе па-рознаму: хто пазірае ў акно, хто ўнурыцца ў чытанне, а хто не можа маўчаць і з незнаёмымі. Марціновіч. Адам на момант змоўк. Схіліўся над варштатам, унурыўся ў чарцёж. Мыслівец. // Апусціць галаву, панурыцца. Пракоп адчуў сябе пабітым і адзінокім. Унурыўся і маўчаў. Колас. [Мужчыны] вядуць на перакур купкай, а.. [Мацей] воддаль прыткнецца, закурыць, унурыцца і маўчыць. Пальчэўскі.

3. Пільна, не зводзячы вачэй, глядзець на каго‑, што‑н. Зачуўшы крокі, .. [хлопец] спалохана ўстрапянуўся, агледзеў Ілью з галавы да ног, потым зноў унурыўся ў агонь. Навуменка.

уну́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Увабраць у што‑н. (пра галаву). Галя ўнурыла галаву ў пастаўлены каўнер, патупіла вочы, як бы яна не хацела глядзець на кафедру. Сабаленка. Рыжы больш ссутуліўся, унурыў галаву ў плечы. Кавалёў. // Панура нахіліць, схіліць (галаву). Чубар колькі часу чакаў, што адкажа на гэта ваенурач, але той унурыў галаву і сядзеў зноў безуважны. Чыгрынаў. Юрка ўнурыў галаву, здавалася, увесь сціснуўся ў камячок. Настаўніца строга пазірала на яго, думала. М. Ткачоў.

2. Утаропіць у што‑н. (вочы, погляд). Надзейка заірдзелася і ўнурыла вочы ў талерку, але праз момант усміхнулася, падняла чарку, вымавіла: «За маму». Хадкевіч.

уну́тр, прысл. і прыназ.

1. прысл. У сярэдзіну. Прыняць лякарства ўнутр. □ Кветкі абляпілі сцяну дома, віліся вакол калоны на ганку, забіраліся па нацягнутых нітках на вокны, заглядвалі ўнутр. Хадановіч.

2. прыназ. з Р. У сярэдзіну, у межы чаго‑н. Ад вуліцы гэтае месца адгароджвала другая сцяна, якая рухнула ўнутр дома. Быкаў.

уну́трана, прысл.

Пра сябе, у душы, у думках. Іна ўнутрана ажывілася і, не адымаючы ад вачэй рук, праз шчыліны між пальцаў зірнула на Анатоля. Ваданосаў. [Паддубны] імкнуўся быць спакойным і ўнутрана і знешне. М. Ткачоў.