уну́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Утуліцца ў што‑н. [Караба] зноў унурыўся галавой у падушку і адразу захроп. Асіпенка. // Паваліўшыся з разгону наперад, уткнуцца тварам у снег, зямлю і пад. Толя ўпаў каля нейкага драўлянага доміка і ўнурыўся тварам у пясок. Якімовіч.
2. Захапіўшыся, паглыбіцца ў што‑н., задумацца. У дарозе людзі паводзяць сябе па-рознаму: хто пазірае ў акно, хто ўнурыцца ў чытанне, а хто не можа маўчаць і з незнаёмымі. Марціновіч. Адам на момант змоўк. Схіліўся над варштатам, унурыўся ў чарцёж. Мыслівец. // Апусціць галаву, панурыцца. Пракоп адчуў сябе пабітым і адзінокім. Унурыўся і маўчаў. Колас. [Мужчыны] вядуць на перакур купкай, а.. [Мацей] воддаль прыткнецца, закурыць, унурыцца і маўчыць. Пальчэўскі.
3. Пільна, не зводзячы вачэй, глядзець на каго‑, што‑н. Зачуўшы крокі, .. [хлопец] спалохана ўстрапянуўся, агледзеў Ілью з галавы да ног, потым зноў унурыўся ў агонь. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)