Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

усука́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад усукаць.

усука́ць, усучу, усучаш, усуча; зак., што.

Пры дапамозе сукання ўвіць, укруціць. Усукаць шчаціну ў дратву.

усу́кванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. усукваць — усукаць.

усу́квацца, ‑аецца; незак.

Зал. да усукваць.

усу́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да усукаць.

усумні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Адчуць сумненне, няўпэўненасць у чым‑н. Сотнікаў,.. расплюшчыўшы вочы, моўчкі ляжаў на саломе, не ведаючы яшчэ, верыць пачутаму ці ўсумніцца. Быкаў. Аднаго разу Леў Раманавіч усумніўся, а ці было наогул тое неразумнае пісьмо, якое ён атрымаў учора раніцою. Асіпенка. — А як жа ты аднясеш тавар на той бок? Зловяць, — усумніўся Васіль. Пальчэўскі. // Выказаць сумненне. — А можа гэта выдумка, няпраўда ўсё, што вы толькі што мне казалі? — усумніўся Форстэр. Сачанка. [Маці:] — Яна ж так чакала цябе! — Так ужо і чакала? — жартаўліва ўсумніўся.. [Максім]. Шамякін.

усу́нуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад усунуць.

усу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Прасунуцца ўнутр чаго‑н. Дзверы нясмела адчыніліся, і ў пакой усунулася кепачка з пакамечаным брылём, а потым худы хлапечы твар. Арабей. Мала, зусім мала часу спатрэбілася Крукаву на тое, каб праз адчыненыя дзверцы ўсунуцца ў топку, паставіць на сваё месца каласнік. Васілёнак. // Улезці, паказацца ў чым‑н. Час ад часу ў вокны ўсунецца твар, як крэйда, збялелы, паглядзіць і расплывецца дзесьці ў цемені камеры. Нікановіч.

2. Разм. Уваліцца, праваліцца куды‑н. Бацька сказаў, нібы адгадаўшы маю думку: — Мабыць, усунуўся нехта ў багну.. І чорт яго пагнаў, не праведаўшы дарогі!.. Кулакоўскі. // Трапіць, папасці ў што‑н. А Якава збракавалі!.. Па вачах не падышоў і руку некалі зламаў. .. Мабыць, у машыну ўсунуўся, калі ў дэпо рабіў. Чарнышэвіч. Міша сігануў праз канаву, усунуўся адным ботам у глыбокую гразь, потым ускраем балацявіны абагнуў Нятрэсеў хутар з тыльнага боку. Арочка. // Утапіцца. Было іх, рэчак, часамі на ноч і па дзве, і па тры. Але такой шырокай не было. І так яны, хлопцы, яшчэ не сядзелі. — Я паплыву прыганю [лодкі], — сказаў Алесь. — Усунешся яшчэ. Брыль.

3. Разм. Увайсці куды‑н. павольна, ледзь перастаўляючы ногі. У карчму не ўвайшоў, а неяк цішком, прыгнуўшыся, усунуўся Апанас Хмель. Пестрак. Рыпнулі дзверы, і ў адрыну ўсунуўся Мікіта, Ігнасёў аднагодак. Чарнышэвіч. З гэтымі словамі ў пакой усунулася.. мажная кабеціна, пудоў на дзесяць вагою. Дубоўка.

4. Разм. Умяшацца, ублытацца ў што‑н. Справа магла наблізіцца да нейкага кампрамісу, але ў аркестроўку ўсунуўся Ядловец і.. перарваў дыспут. Шынклер.

усу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Сунуўшы, змясціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н.; увапхнуць у што‑н. Усунуць шуфляду ў стол. Усунуць рэчы ў мяшок. □ Гадзіна выпрасталася, усунула галаву ў місу і пачала хлябтаць малако. Паўлаў. [Міколка] ўзяў сваю старую школьную торбачку.. Напакаваў яе, усунуў туды і стары абгрызены пенал, любімы сшытак. Лынькоў.

2. Уцягнуць у што‑н. Усунуць нітку ў іголку.

3. Уткнуць у што‑н. Севярын моцна зашчапіў кручок, усунуў у ручку дзвярэй лату і сеў ля стала, спінаю да нараў. Караткевіч.

4. Засунуць што‑н. у што‑н. Усунуць руку ў кішэнь. // Уставіць. Усунуць пяро ў ручку.

5. Прасунуць унутр чаго‑н. — Таварыш камандзір! — усунуў галаву ў дзверы разведчык. — Вас можна на хвілінку? Федасеенка.

6. Разм. Даць у рукі. — Бяры! І бяжы ў цэх... — неяк злосна прамовіў вахцёр, усунуўшы Асташонку ў рукі пропуск. Ваданосаў.

•••

Носа не ўсунуць — тое, што і носа не ўбіць (гл. убіць).

Усунуць галаву ў пятлю — а) павесіцца; б) трапіць у цяжкае, небяспечнае становішча. Бег [Рыгор] назад, бясконца ўзрадаваны дабратой Тараса Тарасавіча. Бег і не ведаў, што сам усунуў галаву ў пятлю, канец ад якой у майго былога гаспадара. Асіпенка.

Усунуць свае тры грошы — тое, што і уткнуць свае тры грошы (гл. уткнуць).

Усунуць свой нос (язык) — тое, што і уткнуць свой нос (язык) (гл. уткнуць).

усур’ёз, прысл.

Разм. Сур’ёзна, не жартам, па-дзелавому. Заняцца справай усур’ёз. □ Алег пазіраў то на старшыню, то на Навума, не зусім разумеючы, ці то яны жартуюць, ці гавораць усур’ёз. Ермаловіч.