усу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Сунуўшы, змясціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н.; увапхнуць у што‑н. Усунуць шуфляду ў стол. Усунуць рэчы ў мяшок. □ Гадзіна выпрасталася, усунула галаву ў місу і пачала хлябтаць малако. Паўлаў. [Міколка] ўзяў сваю старую школьную торбачку.. Напакаваў яе, усунуў туды і стары абгрызены пенал, любімы сшытак. Лынькоў.
2. Уцягнуць у што‑н. Усунуць нітку ў іголку.
3. Уткнуць у што‑н. Севярын моцна зашчапіў кручок, усунуў у ручку дзвярэй лату і сеў ля стала, спінаю да нараў. Караткевіч.
4. Засунуць што‑н. у што‑н. Усунуць руку ў кішэнь. // Уставіць. Усунуць пяро ў ручку.
5. Прасунуць унутр чаго‑н. — Таварыш камандзір! — усунуў галаву ў дзверы разведчык. — Вас можна на хвілінку? Федасеенка.
6. Разм. Даць у рукі. — Бяры! І бяжы ў цэх... — неяк злосна прамовіў вахцёр, усунуўшы Асташонку ў рукі пропуск. Ваданосаў.
•••
Носа не ўсунуць — тое, што і носа не ўбіць (гл. убіць).
Усунуць галаву ў пятлю — а) павесіцца; б) трапіць у цяжкае, небяспечнае становішча. Бег [Рыгор] назад, бясконца ўзрадаваны дабратой Тараса Тарасавіча. Бег і не ведаў, што сам усунуў галаву ў пятлю, канец ад якой у майго былога гаспадара. Асіпенка.
Усунуць свае тры грошы — тое, што і уткнуць свае тры грошы (гл. уткнуць).
Усунуць свой нос (язык) — тое, што і уткнуць свой нос (язык) (гл. уткнуць).