усле́д, прысл. і прыназ.

1. прысл. Непасрэдна за кім‑, чым‑н. Над параходам з’явілася чайка і паляцела ўслед. Даніленка. На павароце Хмыль аглянуўся: расхінуўшы на грудзях кажушок, Мацей памалу ішоў услед. М. Стральцоў. / З прыназ. «за» ўтварае спалучэнне з Т. Наташа з дзяўчатамі вязала ў полі снапы ўслед за жняяркамі. Асіпенка. Услед за ёю [восенню] вецер закаханы Шэпча чараўніцы пра любоў. Скурко. Услед за статкам рушылі падводы і грузавікі з калгасным дабром. Якімовіч. // У напрамку каго‑, чаго‑н., што аддаляецца. Віця пастаяў трошкі, паглядзеў услед і павярнуўся ісці дахаты. Каліна. [Ляцяць] у вырай журавы. Услед махаюць крыллем кволым Кусты, лімонніцы, чмялі. Барадулін.

2. прысл. Наўздагон за кім‑н. Ссутуліўшыся, .. [яфрэйтар] кінуўся быў да машыны. Услед пасыпалася каменне. Лынькоў. — Ходзіць, зрэнкі заліўшы, і ўсе ў яго вінаватыя, а толькі не ён, — зняважліва кінула.. [пасажыру] ўслед буфетчыца. В. Вольскі.

3. прысл. У той жа момант, амаль адначасова. Выскаквалі з двароў дзеці, .. крычалі на ўсе галасы: «Вяселле едзе!» .. Выбягалі ўслед бабы, дзяўчаты. Лынькоў.

4. прыназ. з Д. У напрамку каго‑, чаго‑н., што аддаляецца. Арцём чамусьці скоса паглядзеў услед дзяўчыне і адвярнуўся спінай. Ракітны. Сэрца ў хлопчыка заб’ецца, Сам увесь ён задрыжыць, І сама душа, здаецца, Услед звону паляціць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)