устая́ць, устаю, устаіш, устаіць; зак.
1. Утрымацца ў вертыкальным становішчы, не ўпасці; захаваць стан раўнавагі. Устаяць на нагах. □ Вагон раптам тузанула, і чалавек пахіснуўся, але ўстаяў. Адамчык. Зазвінеў, напяўшыся, трактар, тузанула валакушы, Андрэй не ўстаяў і ўпаў на калені, учапіўшысяся за снапы. Пташнікаў. // Змагчы прабыць, пратрымацца нейкі час пры якіх‑н. абставінах. Ля сцен казармы больш нельга было ўстаяць — агонь раз’юшана бушаваў, абдаваў страшэннай гарачынёю. М. Ткачоў.
2. Стрымаць націск каго‑, чаго‑н., адстаяць у барацьбе свае пазіцыі, не паддацца. — Здавайцеся! Усё роўна вам утраіх не ўстаяць супроць усіх! Маўр. — Трагедыя ў В’етнаме — вынік ігнаравання Амерыкай грамадскай думкі свету... Маленькі народ, перакананы ў сваёй справядлівай барацьбе, устаяў перад агрэсарам... Кавалёў. // Перанесці неспрыяльныя ўмовы (пра расліны). [Бярэзіны:] Грэла нас сонейка, песціў вецярок, не раз хістала бура, нагінаючы да самай зямлі, не адну зламала бура з нас, але мы ўстаялі, выраслі. Галавач.
3. перан. Астацца стойкім, не паддацца чаму‑н. [Аўсянік:] — Перад тваімі чарамі не можа ўстаяць ніводзін мужчына. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)