Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ске́псціцца, ‑пшчуся, ‑псцішся, ‑псціцца; зак.

Разм. Сапсавацца; стаць горшым. — А есці хочаш? — гаварыла маці. — Быў такі разумны хлапец, а во скепсціўся... Бядуля.

ске́птык, ‑а. м.

1. Прыхільнік, паслядоўнік скептыцызму (у 1 знач.). Антычныя скептыкі.

2. Той, хто ва ўсім сумняваецца, да ўсяго адносіцца недаверліва. Міхал Баўдзей па натуры быў скептык, да ўсяго новага ставіўся недаверліва. Колас. Вельмі важна, каб людзі паверылі ў тое, што яны робяць. Але скептыкі і няверы ўсё-такі знайшліся. Вішнеўскі. Даверлівы — зусім не скептык — Усяму я веру, усё цаню... Таўбін.

[Грэч. skeptikos.]

скептыцы́зм, ‑у, м.

1. Ідэалістычны філасофскі напрамак, які імкнецца даказаць няпэўнасць усякага пазнання, абвергнуць магчымасць дасягнення аб’ектыўнай ісціны. Скептыцызмам называе Юм адмаўленне ад тлумачэння адчуванняў уздзейнічаннем рэчаў, духу і т. п., адмаўленне ад звядзення ўспрыйманняў да знешняга свету, з аднаго боку, да бажаства або невядомага духу, з другога. Ленін.

2. Крытычна-недаверлівыя адносіны да чаго‑н., сумненне ў магчымасці, правільнасці чаго‑н. [Васіль:] — Усё ты ставіш пад сумненне, з усіх кпіш. Ведаеш, скептыцызм не да твару... Шамякін.

скепты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць скептычнага. Скептычнасць погляду.

скепты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да скептыцызму (у 1 знач.). Скептычная філасофія.

2. Схільны да скептыцызму (у 2 знач.). — У ружовым канверце — значыць, любіць, — суцяшае мяне Аня Славіна. — Не было пад рукою іншага, — смяецца скептычная Насця Дзятлава. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе скептыцызм. Скептычны тон. □ Праўда, кволы ты надта, хто цябе возьме, — акінуў .. [Апанас] скептычным позіркам Лёню. Нядзведскі. Аптэкар Плакс, хоць і цёмна было, але зрабіў на твары сваім бязмежна скептычную міну. Зарэцкі. // Прасякнуты скептыцызмам, поўны скептыцызму. Скептычныя адносіны да людзей. □ На самай справе, карціна «Мяцежнікі» атрымалася змрочная, глыбока скептычная. «Маладосць».

ске́рца, нескл., н.

Невялікі музычны твор хуткага тэмпу. // Частка вялікага музычнага твора (сімфоніі, санаты) у такім жа тэмпе. Трэцяя частка сімфаньеты [М. Чуркіна] — скерца. У ёй выкарыстаны напевы характэрных, але вобразна кантрастных народных песень. Дубкова.

[Іт. scherzo.]

скетч, ‑а, м.

Невялікая эстрадная п’еса жартаўлівага зместу.

[Ад англ. sketch — эскіз.]

ске́тынг-ры́нг, ‑а, м.

Спецыяльная пляцоўка з асфальтаванай або драўлянай падлогай для катання на ролікавых каньках.

[Англ. skating-rink.]

скі́ба, ‑ы, ж.

1. Луста (звычайна хлеба). Дзядзька падносіць ім [братам Стыфанцовым] тлустае сала, Рэжа таўшчэзнымі скібамі хлеб. Прыходзька. Што было ў каго, паклалі На траву-мурог: Скібу сыру, жменю солі, Чорны хлеб, пірог. Танк.

2. Пласт узаранай зямлі. Плуг пайшоў роўна, адвальваючы скібы цёплай, бурай зямлі. Пестрак. Перайшлі хлопцы цераз граду з чорнымі, як сажа, скібамі свежаўзаранай зямлі. С. Александровіч. // Наогул пласт чаго‑н. Скіба дзёрну. □ Адмыслова малаток адбойны У забоі крышыць скібы вугалю. Звонак.

•••

Адрэзаная скіба (луста) — пра чалавека, які канчаткова парваў сувязь з сям’ёй, з калектывам, жыве асобна.

скі́бачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да скіба. Тамара, каб не пакрыўдзіць гаспадыні, узяла тоненькую скібачку. Яна пераламалася ў руках, пасыпаліся крошкі на белы абрус. Гурскі. Гарбач кроіць на скібачкі сухі чорны акраец і налівае ў шклянкі малака. Мурашка.