Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няўклю́днасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць няўклюднага; непаваротлівасць. Станіслаў Барвіна, пры сваёй некаторай няўклюднасці, быў рухавым. Пестрак. Калі.. [Хведар] быў салдатам, вайсковая форма згладжвала яго няўклюднасць. Чарнышэвіч.

няўклю́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Пазбаўлены зграбнасці, лоўкасці ў рухах; непаваротлівы. Паўнатвары, у ватоўцы, у зімовай шапцы і ў цёплых чаравіках,.. [хлапчук] нагадваў няўклюднае медзведзянё. Хадкевіч. На сушы цюлені няўклюдныя, як чарапахі. Хомчанка. // Пазбаўлены зграбнасці; нялоўкі (аб рухах і пад.). Няўклюдная хада. / Аб рэчах, прадметах. Наш вялікі і няўклюдны аўтобус з радыёапаратураю грымеў на выбоінах палявых дарог. Грахоўскі. Са сталоўкі ўжо выкінулі адну з доўгіх няўклюдных лавак. Нядзведскі.

2. перан. Дрэнна, недастаткова апрацаваны, адшліфаваны; няскладны. І так паварочваў [Валодзька] сказ, і гэтак — атрымлівалася нешта няўклюднае і незразумелае. Гамолка.

няўла́д, прысл.

Не так, як трэба, як хочацца, як патрабуюць. [Сотнікаў] зашкр[а]баў па сцяне ботамі. Дзёмчыха ўвесь час старанна і няўлад пасабляла знізу, паўхвіліны Сотнікаў напружана высільваўся на сцяне, але ўрэшце таксама пераваліўся цераз верхняе бервяно і апынуўся на столі хаты. Быкаў.

няўла́джанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан няўладжанага. І пачуццё няўладжанасці агарнула душу Каваля. Савіцкі. // Адсутнасць парадку, наладжанасці ў чым‑н. Ва ўсім адчувалася няўладжанасць.

няўла́джаны, ‑ая, ‑ае.

Не забяспечаны ўсім неабходным. Пасля нядоўгага адпачынку ў партызанскім лагеры паходнае жыццё наша здаецца яшчэ больш няўладжаным. Дзенісевіч.

няўло́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўлоўнага. Няўлоўнасць звера.

няўло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога цяжка злавіць, застаць дзе‑н. Царскія памагатыя збіліся з ног, шукаючы патайную друкарню, няўлоўнага і загадкавага Яську — гаспадара з-пад Вільні. С. Александровіч.

2. Ледзь прыкметны; няясны. Няўлоўны рух. □ [Ермакоў] пачуў няясны, няўлоўны тонкі гул, які то ўзнікаў, то прападаў. Мележ. Цеплыня, але нейкі няўлоўны подых восені чуецца навокал. С. Александровіч.

няўме́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑мецы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Няўмелы, няздатны да работы чалавек. У няўмекі [інструмент] будзе ў непарадку і без догляду. У здатнага — у пашане і спраўнасці. Шкраба. [Механік] зразумеў, што Станіслаў Вярбіцкі знарок прыкідваецца няўмекам. Чарнышэвіч. У няўмекі рукі калекі. Прыказка.

няўме́ласць, ‑і, ж.

Тое, што і няўмельства.

няўме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які дрэнна, без умення выконвае сваю працу. І вось — адзін уніз імкне, Ляціць так лёгка, нібы ў сне, За ім — аж група цэлая. І не шанцуе толькі мне: Валюся ў снег, няўмелы, я. Кірэенка. // Які выяўляе няўменне рабіць што‑н., карыстацца чым‑н. Няўмелыя рукі.

2. Які робіцца без належнага ўмення. Разгубіўшыся, Таццяна рабіла няўмелыя і няўдалыя спробы супакоіць дзіця. Шамякін.