няўклю́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Пазбаўлены зграбнасці, лоўкасці ў рухах; непаваротлівы. Паўнатвары, у ватоўцы, у зімовай шапцы і ў цёплых чаравіках,.. [хлапчук] нагадваў няўклюднае медзведзянё. Хадкевіч. На сушы цюлені няўклюдныя, як чарапахі. Хомчанка. // Пазбаўлены зграбнасці; нялоўкі (аб рухах і пад.). Няўклюдная хада. / Аб рэчах, прадметах. Наш вялікі і няўклюдны аўтобус з радыёапаратураю грымеў на выбоінах палявых дарог. Грахоўскі. Са сталоўкі ўжо выкінулі адну з доўгіх няўклюдных лавак. Нядзведскі.
2. перан. Дрэнна, недастаткова апрацаваны, адшліфаваны; няскладны. І так паварочваў [Валодзька] сказ, і гэтак — атрымлівалася нешта няўклюднае і незразумелае. Гамолка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)