Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цэліба́т, ‑у, М ‑баце, м.

Абавязковая бясшлюбнасць, устаноўленая для каталіцкага духавенства і праваслаўнага манаства.

[Ад лац. caelebs — нежанаты.]

цэ́лік, ‑а, м.

Спец. Прасцейшае прыцэльнае прыстасаванне на ствале зброі і на гарматных панарамах.

цэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.

1. Накіроўваць стрэл, удар у каго‑, што‑н. Бяры, мілы, Трохлінейку, два падсумкі, патранташ, Цэлься ворагу ў сэрца, не прамаж. Крапіва. Анісім доўга і пільна цэліўся і стрэліў дуплетам. Сачанка. Ён [дзядзька] прымасціўся бачком на валун, Біў па зубілу, як быццам не цэліўся. Лужанін. // Імкнуцца зрабіць што‑н., накіроўвацца на пэўнае дзеянне. Галасок ужо зноў трымаў у руцэ чарку,.. цэліўся чокнуцца з Клаўдзяй. Савіцкі. Лістам сцелецца, а ўкусіць цэліцца. Прымаўка.

2. перан. Мець на ўвазе каго‑, што‑н.; мець намер завалодаць чым‑н., заняць якое‑н. становішча. Сынок Станіслава Крукоўскага Роберт яшчэ пры .. Пілсудскім усё маё золата ў Варшаве праглынуў і цяпер, кажуць, ужо на фальварак цэліцца. Бажко.

цэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак. і незак.

1. незак. Тое, што і цэліцца; цаляць. Мы за мір! А цэліць бомбай Не дазволім мы ў наш дом. Панчанка. Драпежнік цэліць бомбамі ў насціл, І леглі на вадзе крыві салдацкай меткі, Мо суджана і мне не перайсці, Але грымяць імклівыя танкеткі. Вітка. [Рымша:] — Ён [Анішчук], мусіць, толькі з ёю [Лучынінай] падражніваецца, а сам цэліць да Загароўскай падабрацца... Гурскі. А кайданы ўсё мацней звінелі. І што ні крок — царкоўны перазвон. І кат ужо ў звон у гэты цэліў... Сіпакоў. // Мець намер. Машын вунь колькі калгас накупіў. У мільянеры цэліць. Даніленка. Не было як зразумець, куды цэліць афіцэр. Што ведае пра яго? Страшныя здагадкі перашкаджалі ўважліва слухаць. Асіпенка.

2. зак. Разм. Трапіць, папасці. Юркевіча запытанне цэліла ў .. самыя патайныя думкі [Юзіка]. Мурашка.

цэлуло́ід, ‑у, М ‑дзе, м.

Цвёрдае пластычнае лёгкае на загаранне рэчыва з цэлюлозы.

[Ад лац. cellula — клетка і грэч. eidos — від.]

цэлуло́ідавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і цэлулоідны.

цэлуло́ідны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цэлулоіду; зроблены з цэлулоіду. Цэлулоідныя цацкі. Цэлулоідны мячык. □ Хлопцы селі. Лётчык насунуў над імі цэлулоідны каўпак, памахаў рукою партызанам. Новікаў.

цэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, ад якога нічога не аддзелена; не падзелены, не раздробнены. Узяць цэлым кавалкам. □ Зарачанскай бабе за тое, што паказала брод праз раку, далі ў аддзяку цэлы сувой ангельскага сукна. Каваленка. Дзеці вестку пра дажынкі сустрэлі па-свойму. — Ну, увесь дзень не буду нічога есці, — гаварыў Уладзік. — Тады цэлы пірог з’ем... С. Александровіч. // Напоўнены да краёў, запоўнены поўнасцю; поўны. За гадзіну якую, глядзі, цэлае вядро ракаў [Міколка з бацькам] дасталі. Лынькоў. Летась на ёй ужо больш яблык было, цэлы кошык. Кулакоўскі. // Увесь ад пачатку да канца (пра адрэзак часу). Кожныя шэсць дзён [Зося] чакала сёмага, нядзелі, а тады з самага рання старалася пайсці на цэлы дзень дадому. Чорны. Пра гэта мне сказалі не толькі Арцюк, Павел Адамавіч, камбрыг, але і маёр, які прылятаў з Вялікай зямлі і цэлы тыдзень вучыў нас, партызанскіх разведчыкаў і сувязных. Шамякін. Цэлы дзень у гушчары Чутны крыкі дзетвары. Гілевіч. Цэлы дзень у пошуках дзічыны я блукаў аднойчы па тайзе. А. Вольскі. Стары Нічыпар, бывае, цэлы вечар .. прасядзіць над рэчкаю. Баранавых. // На ўсёй адлегласці; на ўсю адлегласць (пра месца, прастору). [Зелянюк:] — Мы зробім так, што гэта будзе ўзорны калгас на цэлы раён. Зарэцкі. На цэлыя вёрсты і мілі Разносіла пах сенажаць. Колас. Да паўдня калона расцягнулася, можа, на цэлую вярсту. Навуменка.

2. Ужываецца пры абазначэнні вялікай колькасці чаго‑н., вялікіх памераў, аб’ёму чаго‑н. Накапаць цэлую гару зямлі. □ У раёне дзеду пашанцавала: ён прывёз аж цэлых дзесяць новых вулляў. Якімовіч. — Людзі ёсць. Цэлы полк, — прыцішана і неяк сухавата адказаў Пішчыкаў. Алешка. Да сянец дабудавалі яшчэ цэлую хату. Гаўрылкін. // Які па значнасці, складанасці нагадвае сабой што‑н.; сапраўдны. Цэлая гісторыя. □ Пра падпольшчыка, якога называлі Жан, хадзілі па горадзе і яго ваколіцах цэлыя легенды. «Звязда».

3. Не пашкоджаны, не сапсаваны, не разбураны. Мы агледзелі аленя. Гэта быў малады самец. Частка яго тулава, галоўным чынам пярэдняя, была з’едзена рыссю, але ўся задняя палова і ногі былі зусім цэлыя. В. Вольскі. Расхлябаныя вокны і дзверы Антоніо залатаў і замацаваў планкамі і жалезкамі, а потым паступова дробныя кавалкі шкла замяніў цэлымі шыбамі. Маўр. // Не зношаны, не парваны (пра адзенне, абутак). Куплю яшчэ кажух белы Дый армяк суконны цэлы. Цётка. // Які не прапаў, збярогся. — Усё [начынне] цэлае. Ніхто не лазіў, — заключыў Воўка. Няхай.

4. Не паранены, здаровы. Цяпер-то ён [Грэчка] хоць ведае, што будзе цэлы... Аднаму, як ні кажы, лягчэй уратавацца, на сябе можна паспадзявацца. Мележ. Андрэй падумаў быў, што трэба вярнуцца дамоў, пакуль цэлы. Збягуцца ваўкі з усяго лесу — у лазню не схаваешся. Пташнікаў. [Вісарыён:] — Ты не стагні, ты цэлы, толькі гузоў пэўна багата набраў! Самуйлёнак. І козы цэлыя і воўк сыты. Прымаўка.

5. Якому ўласціва адзінства, цэльнасць. Горад шумеў, як дзень, так ноч, тысячамі галасоў.. Усё гэта збівалася ў нешта адно цэлае, і ўся гэтая стракатасць грамады біла ў вочы... Колас. // у знач. наз. цэ́лае, ‑ага, н. Сукупнасць чаго‑н., што ўспрымаецца як нешта адзінае. Насельніцтва гарадоў не з’яўлялася аднародным цэлым. Алексютовіч. Пры ўсёй ідэйна-тэматычнай разнастайнасці цыкл [Я. Купалы «На заходнебеларускія матывы»] ўспрымаецца як адзінае мастацкае цэлае. Гіст. бел. сав. літ.

6. Які не мае дробу (пра лік, велічыню). Цэлыя лікі.

7. у знач. наз. цэ́лае, ‑ага, н. Не сшытае, без швоў месца ў адзежы. Разарваць па цэламу. □ Гаворыць па беламу, а ломіць па цэламу. З нар. // Не падраны. Хто цэлага не бачыў, той і латанаму рад. Прыказка.

•••

Век цэлы гл. век.

У цэлым — а) ва ўсёй сукупнасці, цалкам. Рэдактар адказвае за ўвесь нумар газеты ў цэлым; б) увогуле, без падрабязнасцей. У цэлым гэта бясспрэчна так. Ліс.

Цэлая гадзіна гл. гадзіна.

цэль, ‑і, ж.

Прадмет, месца, куды накіроўваецца стрэл, удар, кідок. Часамі хадзіў Лабановіч у лес, каб пастраляць у цэль з .. рэвальверчыка. Колас. Многія цэлі былі падаўлены адразу ж, аднак на гэты раз фашысты адкрылі агонь у адказ. «Полымя». // Мішэнь. Ці б’е начальства ў цэль, ці шле «за малаком», Ды знойдуцца заўсёды Івановы, Што памахаць яму гатовы. Крапіва.

•••

Біць у цэль (міма цэлі) гл. біць.

цэльна...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «цэльны» (у 1, 3 знач.), напрыклад: цэльнакроены, цэльнамалочны, цэльнаметалічны.