Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

знасі́цца, знашуся, зносішся, зносіцца; зак.

1. Стаць непрыгодным ад доўгай носкі (пра абутак, адзенне). Сукенкі святочныя Ад дажджоў парадзелі, У дарогах знасіліся, Палінялі ад сонца. Панчанка.

2. Спец. Сапсавацца, стаць непрыгодным ад доўгай работы (пра машыны, механізмы і пад.). — Знасіліся поршні, укладышы падшыпнікаў, прыйшлося ўсё гэта замяніць. Краўчанка.

3. перан. Разм. Дачасна састарыцца, аслабець. Змітрок падняў вочы. — Няўжо праўда, доктар, што я ўжо знасіўся? Гроднеў.

знасі́ць 1, знашу, зносіш, зносіць; зак., што.

Носкай, доўгім карыстаннем прывесці ў непрыгоднасць (абутак, адзенне). Знасіць боты. □ [Леўчык] ніколі добра не з’еў, не знасіў добрай адзежыны, а ў самога свіран дабра гніе. Чарнышэвіч.

•••

Не знасіць галавы — не мінуць пакарання, не ўцалець каму‑н.: загінуць.

знасі́ць 2, знашу, зносіш, зносіць; зак., каго-што.

Занесці куды‑н. і прынесці назад. Знасіць дзіця ў бальніцу.

зна́тнасць, ‑і, ж.

1. Прыналежнасць да знаці; радавітасць. Старая баранеса, якую ўсе паважалі за яе знатнасць і вядомасць, нават наведала брата. Лынькоў.

2. Становішча знатнага чалавека. «Добра то добра аддаць Зосю за Васіля: і багацце, і знатнасць, і ўсё-ўсё, толькі ж трэба ведаць, што яна яго... не шануе...» Гартны.

зна́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Які належыць да знаці. Пяць троек, запрэжаных у прыгожыя высокія вазкі з гербамі на дзверцах, падвезлі да князёвага палаца .. знатных гасцей. Лупсякоў.

2. Вядомы, славуты. Калі Наташа скончыла-спяваць, зала, — а там сядзелі знатныя перадавікі, інжынеры, кіраўнікі будоўлі, — замерла ў маўчанні. Краўчанка.

знато́к, ‑така, м.

Тое, што і знавец. Знаток вайсковай справы. □ Пан Крулеўскі лічыў сябе знатаком сялянскай псіхалогіі. Колас.

знату́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Разм. Надарвацца, падарвацца. — Той жа завідушчы, Ахрэм, у дровы ездзіў. Дык такі воз наваліў .., а конь гарачы, то знатужыўся. Вока стала кр[оўю] налівацца. Ермаловіч.

знату́жыць, ‑тужу, ‑тужыш, ‑тужыць; зак., каго-што.

Разм. Надарваць, падарваць. Знатужыць каня.

зна́ўца,

гл. знавец.

знаха́р, ‑а, м.

Лекар-самавучка, які карыстаецца ўласнымі спосабамі лячэння: замовамі, травамі і пад.; шаптун. — Дзякаваць божаньку, як толькі знахар даў мне лякарства, дык як рукой зняло — другім чалавекам Сымон зрабіўся. Бядуля. І тут я ўспомніў пра сваё дзяцінства Пад цёмнай саламянаю страхою, З шаптухамі, панамі, знахарамі. Грахоўскі.

знаха́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да знахар.