Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вагкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. У якім адчуваецца вільгаць; макраваты. [Васіль і Янук] павольна крочаць па вагкаватай гравійцы. Кулакоўскі.

ваго́н, ‑а, м.

Транспартны сродак, прызначаны для перавозкі пасажыраў і грузаў па рэйкавых дарогах. Трамвайны вагон. Пасажырскі вагон. // чаго. Колькасць грузу, якая змяшчаецца ў ім. Вагон збожжа, дроў.

•••

Мяккі вагон — пасажырскі вагон з мяккімі сядзеннямі.

Цвёрды вагон — пасажырскі вагон з цвёрдымі сядзеннямі.

[Англ. wag(g)on.]

вагона...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на прыналежнасць або адносіны да вагона, напрыклад: вагонабудаўнічы, вагонарамонтны.

вагонабудава́нне, ‑я, н.

Галіна транспартнага машынабудавання па вытворчасці вагонаў.

вагонабудаўні́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вагонабудавання. Вагонабудаўнічы завод.

вагонаважа́ты, ‑ага, м.

Вадзіцель трамвая.

вагонарамо́нтны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рамонту вагонаў. Вагонарамонтны завод.

ваго́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж., зб.

Разм. Вузкія тонкія дошкі спецыяльнай распілоўкі, якія выкарыстоўваюцца для абшалёўкі сцен і пры будаўніцтве вагонаў. Першае, што Шынкевічу кінулася на вочы, як толькі ён азірнуўся, — двухпавярховая школа на ўзгорку, абшытая вагонкай і пафарбаваная ў салатны колер. Паслядовіч.

ваго́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вагона. Вагонная служба. Вагонны майстар. Вагонны тормаз. // Размешчаны ў вагоне. Вагонны рэстаран.

ваго́нчык, ‑а, м.

1. Памянш. да вагон.

2. Памяшканне на колах для жыцця ў палявых умовах. Першым сустрэў.. [Георгія і Хасана] ля вагончыка на палявым стане Гошкаў брат Мікола. Даніленка.