мірга́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. міргаць.
міргатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і мігатлівы. Неяк адразу і густа высыпалі на ўсім небе зоры, буйныя, міргатлівыя. Сачанка.
мірга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Тое, што і маргаць (у 1, 2 знач.). [Маці] стаяла сярод хаты з падарункам і часта-часта міргала вачыма. Скрыпка. Касірка міргае дзяўчынцы з раздачы [у сталовай], каб падышла да стала. Мыслівец.
2. перан. Мігаць, мігцець. Навокал было цёмна, толькі паасобныя агеньчыкі хат міргалі на ўзгорку. Броўка. Дзве вісячыя лямпы задыхаліся .. ад сціснутага паветра, міргалі і капцілі. Васілевіч.
міргну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да міргаць.
мірза́, ‑ы, м.
1. Тытул члена царскага дома ў некаторых народаў Усходу. // Асоба, якая носіць гэты тытул.
2. Пачэснае, ганаровае абазначэнне вышэйшых чыноў у некаторых народаў Усходу. // У цюркскіх народаў дарэвалюцыйнай Расіі — буйныя феадалы.
3. Сакратар, пісар, перапісчык у некаторых народаў Усходу.
[Перс. mīrzā.]
мі́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які любіць мір, згоду, не схільны да сваркі; рахманы. Мірны характар. □ Ануфрый Скірдзель чалавек працавіты, дабрачынны, мірны, сумленны. Ларчанка. Мядзведзі былі рахманыя і мірныя. В. Вольскі. // Не варожы; схільны да згоды. Часта спрачаліся Аляксандр Дзям’янавіч і дзядзька Мірон .. Але спрэчкі гэтыя былі зусім мірныя. Лынькоў.
2. Які нічым не парушаецца, поўны ўнутранага спакою. Усё навокал зіхацела блакітам і зеленню, і стаяла такая мірная цішыня. Гарбук. Мірны лірычны пейзаж: лужок, старыя дубы, бярозы, рачулка. Бядуля.
3. Які мае адносіны да міру 1 (у 2 знач.); не ваенны. Мірныя абставіны. □ За два гады .. [галоўны ўрач партызанскай брыгады] навучылася ўсяму, чаму ў звычайных мірных умовах нельга было б навучыцца і за дзесяцігоддзе. Шамякін. // Які адбываецца ў абставінах міру, які не парушаецца вайной. Мірнае будаўніцтва. □ Работай мірнай, шчаснай Заняты твой народ: Рабочы і калгаснік, Вучоны і пілот. Глебка. Вось яно і прыйшло, нарэшце, шчасце: мірная праца, каханне, сям’я. Брыль. // Які не прымае ўдзелу ў ваенных дзеяннях; цывільны. Мірныя жыхары. □ Акупанты грабілі беларускі народ, вывозілі ў Германію збожжа, жывёлу, лес, сыравіну, чынілі дзікія расправы над мірным насельніцтвам. «Весці». // Які праводзіць палітыку міру. Мірная дзяржава.
4. Звязаны з заключэннем дагавору аб міры. Мірныя перагаворы. Мірны дагавор.
міро́н, ‑а, м.
Тое, што і вусач (у 2 знач.).
мі́рра, ‑ы, ж.
Духмяная смала, якая знаходзіцца ў кары некаторых трапічных дрэў; выкарыстоўваецца ў медыцыне.
[Грэч. mȳrrha.]
мі́рравы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мірры. Мірравы пах. // Які атрымліваецца з мірры. Мірравае масла.
мірт, ‑а і ‑у, М мірце, м.
1. ‑а. Паўднёвая вечназялёная куставая або дрэвавая расліна сямейства міртавых.
2. ‑у, зб. Драўніна гэтага дрэва.
[Грэч. myrtos.]