ве́я, ‑і, ж.
1. Тое, што і завея, завіруха (у 1 знач.). Сек яго [паравоз] вецер, марозіў мароз, Душыла зімовая вея. Панчанка. У тундры я пражыў гады, Там, помню, веі гэтак дзьмулі. А. Александровіч.
2. звычайна мн. (ве́і, ‑яў). Тое, што і вейкі. Шчокі пунсавелі ад марозу, а доўгія веі прыкрывалі неспакойны бляск чорных вачэй. Алешка.
ве́ялка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Сельскагаспадарчая машына, якой ачышчаюць збожжа ад мякіны пасля малацьбы.
2. Драўляны шуфлік для ручнога веяння збожжа пасля малацьбы. Каб адпачыць і падумаць, Клемс сеў на варотніцу, выцяг[нуў] перад сабою ногі, веялку кінуў на мякіну. Галавач.
ве́яльшчык, ‑а, м.
Той, хто вее збожжа або працуе пры веялцы.
ве́янне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. веяць (у 1, 2 знач.).
2. Прыкмета наступлення чаго‑н. Халоднае веянне зімы. // перан. Уплыў, уздзеянне новых думак, ідэй і пад. Новае веянне.
ве́яны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад веяць.
2. у знач. прым. Ачышчаны веяннем. Веянае жыта.
ве́яцца, веецца; незак.
Зал. да веяць (у 1 знач.).
ве́яць, вею, вееш, вее; незак.
1. што. Ачышчаць збожжа ад мякіны веялкай. Бацька [сына] за вароты вывеў, махнуў рукою і пайшоў збожжа веяць. Каваль.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Дзьмуць (пераважна пра слабы вецер). У голым полі веяў халаднаваты ветрык. Гарэцкі. Вее ў твар Цёплы вецер вясны. Звонак. // Віхрыцца, круціць. Зіма, на дварэ мяцеліца вее, Халодныя песні заводзіць віхор. Купала.
3. пераважна безас., чым. Абдаваць павевам чаго‑н. (цеплыні, паху і пад.). На дварэ зусім сцямнела. Цёплай вільгаццю веяла ад ракі. Чарнышэвіч. Зноў над роднаю зямлёю Вее водарам хмельным, вясновым. Гілевіч. // перан.; безас. Распаўсюджвацца, перадавацца. Ад слоў бацькі, як і заўсёды, вее стрыманай ласкай і клопатам. Васілевіч.
вярзці́ і ве́рзці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, верзяце; пр. вёрз, вярзла і верзла, ‑ло; незак., што.
Разм. Гаварыць недарэчнасці, бязглуздзіцу.
•••
Вярзці (малоць, плесці) лухту — балбатаць, гаварыць што‑н. неверагоднае, недарэчнае.
вярзці́ся і ве́рзціся, ‑зецца; пр. вёрзся, вярзлася, ‑лося; незак.
Разм. Бязладна ўзнікаць, здавацца ва ўяўленні; блюзніцца. — Сяджу я ды думаю... А што думаю, дык і сам добра не разбяру — вось вярзецца нешта. Крапіва.