Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шасцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Лічба 6. Напісаць шасцёрку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 6), якія нумаруюцца лічбай 6. Тут спыняецца аўтобус-шасцёрка.

2. Ігральная карта, дошчачка даміно з шасцю ачкамі. — Не проста дурань, а дурань з пагонамі, — засмяяўся Глеб. — Во, кладу табе [Ксеня] на плечы дзве шасцёркі. Васілёнак.

3. Запрэжка ў шэсць коней. Багаты пан на шасцёрцы катаецца, а бедны мерае сваёй парай зямлю і аб кіёк абапіраецца. Бядуля.

4. Колькасць каго‑, чаго‑н. у шэсць адзінак; шэсць аднародных прадметаў. Шасцёрка самалётаў. □ Гэта шасцёрка [вайскоўцаў], звязаная ўзаемадапамогай, заўсёды трымалася разам. Машара.

5. Шасцівёславая лодка, шлюпка. Плыць на шасцёрцы.

6. Частка, дэталь у малатарні; шасцярня. Запрэжаная ў дышаль парка коней кружыла кола, зазубні якога чапляліся за адмысловую драўляную шасцёрку, у сярэдзіну якой быў уроблен даўжэзны круглы прэнт, пры дапамозе якога круціўся сам барабан малатарні. Сабаленка.

шасці...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) які складаецца з шасці частак, раздзелаў, аддзелаў і пад., напрыклад: шасцітомны, шасціярусны; 2) які мае шэсць аднолькавых прадметаў, прыкмет, уласцівасцей і пад., напрыклад: шасцідольны, шасціствольны; 3) колькасцю, мерай, коштам у шэсць якіх‑н. адзінак, напрыклад: шасцітонны.

шасціба́льны, ‑ая, ‑ае.

Сілаю ў шэсць балаў. Шасцібальны шторм.

шасцібо́рац, ‑рца, м.

Спартсмен, які ўдзельнічае ў шасцібор’і. Спаборніцтвы шасціборцаў.

шасцібо́р’е, ‑я, н.

Тое, што і шасціборства.

шасцібо́рства, ‑а, н.

Комплекс спаборніцтва з шасці відаў спорту; спаборніцтва па праграме гэтага комплексу. Заваяваць першае месца ў шасціборстве.

шасцівёславы, ‑ая, ‑ае.

Які мае тры пары вёслаў. Шасцівёславая лодка.

шасцівуго́льнік, ‑а, м.

Геаметрычная фігура, абмежаваная замкнёнай ламанай лініяй, звёны якой утвараюць шэсць вуглоў.

шасцівуго́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае шэсць вуглоў, у форме шасцівугольніка. Шасцівугольная ратуша.

шасцігадзі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які працягваецца шэсць гадзін. Шасцігадзінны рабочы дзень. // Разлічаны на шэсць гадзін. Шасцігадзінны запас паліва. // Назначаны на шэсць гадзін. Шасцігадзінны поезд.