скафа́ндр, ‑а. м.
Спецыяльны герметычны касцюм вадалаза, касманаўта і пад.
[Фр. scaphandre ад грэч. skaphe — лодка і aner — чалавек.]
скаці́на, ‑ы, ж.
Разм.
1. зб. Чатырохногая сельскагаспадарчая жывёла. Пасвіць скаціну. □ Ужо дамоў пастух скаціну гнаў. А. Александровіч. Уся вёска ў пушчы, там і каровы, уся дробная скаціна, коні, адзежа і ўсё дабро... Нікановіч. / Адна такая жывёліна. Раман злёгку, з любасцю патрапаў па шыі коніка і прамовіў: Эх ты, конік, мой конік!.. Скаціна ты, скажу табе, неразумная! Колас.
2. Груб., лаянк. Пра грубага, бяздушнага, подлага чалавека. [Лабыш да Анатоля:] Эх ты, скаціна бязрогая... Козел.
скаці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Ласк. да скаціна (у 1 знач.). Поле травіцаю соннай адзелася, Выйшла скацінка і дружна скубе. Купала.
скаці́цца, скачуся, скоцішся, скоціцца; зак.
1. Спусціцца ўніз, коцячыся па пахільнай паверхні. Бервяно скацілася з гары. □ І ў гэты момант скацілася з страхі нешта круглае. Лынькоў. Свечка скацілася на лаву і пагасла. Броўка. // З’ехаць, упасці ўніз (пра чалавека, жывёл). Удзень звычайна на станцыях такіх пасажыраў зганяла з дахаў чыгуначная міліцыя, але ўночы ехалася спакойна, адно трэба было сцерагчыся, каб не зачапіла чым ды не скаціцца з даху. Чыгрынаў. / у перан. ужыв. Смяротны цяжар раптам спаціўся з кухаравых плеч. Гарэцкі. // Спусціцца к гарызонту (пра сонца і пад.). Сонца за цёмныя сосны Скацілася недзе. Спіць. Бураўкін. / у паэт. ужыв. Дзе ты, зорка мая прамяністая? За якія ты хмары скацілася. Русак. // Сцячы ўніз, перамясціцца (пра слёзы, кроплі поту, ваду і пад.). Дзве буйныя слязіны скаціліся з .. павек [Марыны]. Кавалёў. Пройдзе дождж, скоціцца вада — І зноў дошка сухая. Ермаловіч. Раса скацілася з куста. І пугі ляск, як стрэл з пагана. І вольны конь наўскапыта Пабег ад чэпкага аркана. Сербантовіч.
2. Хутка спусціцца, збегчы ўніз. Некалькі фашыстаў скаціліся з бронетранспарцёра ў канаву і спрабавалі адстрэльвацца. Шчарбатаў. Яшка нарэшце вылузаўся з-пад свайго суседа, клубком скаціўся з нараў і кінуўся да дзвярэй. Машара. Як толькі на падворку залескаталі драбіны, хлопцы мігам скаціліся з печы і рынуліся ў дзверы. С. Александровіч.
3. перан. Адысці, адступіць (звычайна ад чаго‑н. перадавога, прагрэсіўнага). Скаціцца ў балота апартунізму.
скаці́ць, скачу, скоціш, скоціць; зак., што.
1. Коцячы, спусціць уніз які‑н. прадмет (звычайна круглы). Скаціць камень у канаву. // Спусціць уніз, коцячы па нахільнай паверхні. Скаціць бочку з машыны. □ Цяпер .. [Рыгор] усё гэта пераказваў следчаму і ўпэўнена гаварыў, што Грамадой з Сомікам скацілі на яго кавалак [бервяна]. Крапіва.
2. Адкаціць што‑н. убок. Скаціць камень з дарогі.
3. Коцячы, сабраць у адно месца. Скаціць бярвенне ў адзін рад. // перан. Разм. Перамясціць адкуль‑н. куды‑н. Устала хваля крута і, быццам пад мятлу, скаціла ў каюты і гвалт людскі, і тлум. Макарэвіч.
4. без дап. Разм. З’ехаць уніз; спусціцца, скаціцца. Жэнька .. скаціў з гары, затармазіў ля рэчкі, скінуў з валён[ак] свае лыжы і лёгкім подбегам рушыў па лёдзе за маёй лыжай. Лось.
скача́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад скачаць.
скача́цца, ‑аецца; зак.
Зляпіцца, зрабіцца прадметам круглай формы. Галушка лёгка скачалася.
скача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Надаць круглую форму чаму‑н.; зляпіць, зрабіць з чаго‑н. што‑н. круглае. Скачаць сцежку. □ Скачаў Валька першы ком і добра-такі запыхкаўся. Курто. Калі шэрсць паліваць патрошку цёплаю вадою, качаць у руках, то і скачаеш мячык. Місько.
2. Качаючы, скруціць у трубку, валік і пад. Скачаць дыван у трубку.
3. Разм. Качаючыся, прыціснуць да зямлі, змяць (траву і пад.). Коні скачалі траву на лузе.
ска́чванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. скачваць — скачаць і скачвацца — скачацца.
ска́чвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да скачацца.
2. Зал. да скачваць.