скаці́цца, скачуся, скоцішся, скоціцца; зак.
1. Спусціцца ўніз, коцячыся па пахільнай паверхні. Бервяно скацілася з гары. □ І ў гэты момант скацілася з страхі нешта круглае. Лынькоў. Свечка скацілася на лаву і пагасла. Броўка. // З’ехаць, упасці ўніз (пра чалавека, жывёл). Удзень звычайна на станцыях такіх пасажыраў зганяла з дахаў чыгуначная міліцыя, але ўночы ехалася спакойна, адно трэба было сцерагчыся, каб не зачапіла чым ды не скаціцца з даху. Чыгрынаў. / у перан. ужыв. Смяротны цяжар раптам спаціўся з кухаравых плеч. Гарэцкі. // Спусціцца к гарызонту (пра сонца і пад.). Сонца за цёмныя сосны Скацілася недзе. Спіць. Бураўкін. / у паэт. ужыв. Дзе ты, зорка мая прамяністая? За якія ты хмары скацілася. Русак. // Сцячы ўніз, перамясціцца (пра слёзы, кроплі поту, ваду і пад.). Дзве буйныя слязіны скаціліся з .. павек [Марыны]. Кавалёў. Пройдзе дождж, скоціцца вада — І зноў дошка сухая. Ермаловіч. Раса скацілася з куста. І пугі ляск, як стрэл з пагана. І вольны конь наўскапыта Пабег ад чэпкага аркана. Сербантовіч.
2. Хутка спусціцца, збегчы ўніз. Некалькі фашыстаў скаціліся з бронетранспарцёра ў канаву і спрабавалі адстрэльвацца. Шчарбатаў. Яшка нарэшце вылузаўся з-пад свайго суседа, клубком скаціўся з нараў і кінуўся да дзвярэй. Машара. Як толькі на падворку залескаталі драбіны, хлопцы мігам скаціліся з печы і рынуліся ў дзверы. С. Александровіч.
3. перан. Адысці, адступіць (звычайна ад чаго‑н. перадавога, прагрэсіўнага). Скаціцца ў балота апартунізму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)