нястро́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан нястройнага.
нястро́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае нязграбную, няскладную постаць. Убег у штаб дывізіі хударлявы, нястройны паручнік. Нікановіч.
2. Пазбаўлены стройнасці, мілагучнасці. Словы, спачатку прыглушаныя, нястройныя, рабіліся ўсё выразней, гучней. І вось яны зліліся ў магутную песню. Лынькоў.
3. Бязладны, хаатычны; неарганізаваны. Танкісты шумліва, нястройным гуртам накіравалася да шасэ. Мележ. Брычка ехала па праспекце, а за ёю па бруку, па тратуарах ішоў нястройны трохтысячны натоўп. Арабей.
нястры́жаны, ‑ая, ‑ае.
Якога даўно не стрыглі. З-пад шапкі лезла калматая, нястрыжаная чупрына. Брыль.
нястры́манасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нястрыманага; няздольнасць або няўменне стрымлівацца. [Жанчыны] прыціхлі, засаромеліся саміх сябе, сваёй нястрыманасці. Шамякін.
нястры́маны і нестрыма́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не можа валодаць сабой, стрымлівацца. Усе ведаюць, што Булай нястрыманы, што любіць пакамандаваць. Шыцік.
2. Якога немагчыма стрымаць. З нястрыманаю сілаю і з громам бервяно падае ў ваду. Колас. — Няма куды дзяваць збожжа, — з нястрыманай радасцю сказаў.. [Шаманскі]. Дуброўскі. Сябры скарысталі вясёлы.. настрой для розных смешных успамінаў і далі волю нестрыманаму смеху. Колас.
нястры́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Якога немагчыма стрымаць, утрымаць. Натоўп рынуўся да вагонаў нястрымнай дзікаватай лавінай. Кулакоўскі. Смех — гучны, нястрымны смех — так і падхапіў.. [Сілівона]. Лынькоў.
2. Такі, якога цяжка ўтаймаваць; які з цяжкасцю стрымліваецца. У такіх выпадках [калі статку пагражае небяспека] зубры заўсёды становяцца асабліва злымі, лютымі і нястрымнымі ў нападзе. В. Вольскі. [Сцяпан] разважлівы, калі што-небудзь абдумвае, нястрымны і лаканічны, калі спрачаецца. Ярош.
3. Такі, што цяжка вытрымаць; нясцерпны, невыносны. Арлоўскі рвануўся, каб устаць. Першае, што ён адчуў ад гэтага руху, быў нястрымны боль, які працяў яго навылёт. Паслядовіч. У духоўцы ў нястрымнай гарачыні пяклося прыгатаванае па ўсіх правілах пячэнне. Васілевіч.
нясу́н, несуна, м.
Разм. Дробны злодзей, які імкнецца пажывіцца за кошт дзяржавы і заўсёды што‑н. цішком нясе з работы.
нясу́часць, ‑і, ж.
Здольнасць (птушак) несці яйцы. Куры высокай нясучасці.
нясу́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. незал. цяп. ад несці.
2. у знач. прым. Спец. Які падтрымлівае сабой што‑н. нерухомае, служыць апорай для чаго‑н. Нясучы брус рамы сеялкі.
3. у знач. прым. Які нясе шмат яец (пра птушак). Нясучая парода курэй.