Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скарыфікава́цца, ‑куецца; незак.

Зал. да скарыфікаваць.

скарыфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., што.

Спец. Падвергнуць (падвяргаць) скарыфікацыі. Скарыфікаваць насенне, Скарыфікаваць глебу.

скарыфіка́тар, ‑а, м.

Спец.

1. Машына для парушэння цэласці абалонкі насення з мэтай паскарэння яго прарастання.

2. Сельскагаспадарчая прылада для скарыфікацыі глебы.

3. Прылада для правядзення насечак на скуры.

скарыфікацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які служыць для скарыфікацыі. Скарыфікацыйная машына.

скарыфіка́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Перадпасяўная апрацоўка (парушэнне цэласці абалонкі) насення некаторых раслін, каб паскорыць прарастанне. Скарыфікацыя насення канюшыны.

2. Разразанне глебы для ўзмацнення прыгону паветра ў яе. Скарыфікацыя лугавой дзярніны.

3. Правядзенне насечак на скуры.

[Ад лац. scarificare — падрэзваць, рабіць насечкі.]

скары́цца, скаруся, скорышся, скорыцца; зак.

Разм. Тое, што і пакарыцца. Групка людзей, з’яднаных адзіным жаданнем — лепш, памерці, чым скарыцца, — трымала абарону Брэсцкай крэпасці. Гурскі. Паэт, звязаны дружбаю і клятвай з падпольшчыкамі, не скарыўся на допыце і не кінуў пяра. У. Калеснік. Бяда, відаць, зламала Кудзіна, і ён ужо крыху скарыўся перад абставінамі. Радкевіч.

скары́ць, скару, скорыш, скорыць; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і пакарыць ​1. Але парода вольны дух Скарыць не здолеў вораг прагны. Крапіва. А мяне перш, за ўсё скарыла душэўная прыгажосць гэтага чалавека. Васілевіч. [Артыст] сказаў два-тры кампліменты дзяўчатам і канчаткова скарыў іх сэрцы. Асіпенка. [Каваль:] — Скарыць Падунскія парогі — гэта справа нялёгкая. Савіцкі.

скарэ́жаны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скарэжыць.

2. у знач. прым. Скрыўлены, сагнуты, скарабачаны. Абапал дарог усюды віднеліся адзнакі нядаўніх баёў — чорныя варонкі, скарэжаныя машыны. Мележ. Рыжая карова трэслася з холаду і тыцкалася пысай у мёрзлыя грады, дзе яшчэ аставаліся рэшткі скарэжанага на марозе капусніку і бурачніку. Чорны. Галаўнёў азірнуўся. Блізка ад яго стаяў скарэжаны танк. Дудо.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Зменены да непазнавальнасці, скажоны. Скарэжаны твар [Міхі] стаў спакойным, праяснеў, і хворы пачаў дыхаць роўна і глыбока. Самуйлёнак.

скарэ́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Разм.

1. Скрывіць, сагнуць, скарабаціць. Сплюшчыўшы і скарэжыўшы кузаў «усюдыхода», Якавенка паімчаў далей. Мележ.

2. перан. Змяніць да непазнавальнасці, сказіць. Грымаса скарэжыла твар.

скарэ́й,

1. Выш. ст. да прысл. скора.

2. прысл. Ужываецца для супастаўлення ў сказах з параўнальным зваротам у значэнні: а) больш. Ён скарэй падобны на маці, чым на бацьку; б) лепш. Чым скарэй, тым лепш.

3. Скарэй за ўсё — напэўна, больш пэўна.