Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скары́начка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да скарынка (у 1 знач.). Берагчы хлеб, шанаваць самы маленькі кавалачак, кожную скарыначку — прывучалі дзед і бацька. Грамовіч. Да чаго ж мне хацелася свежай хрумсткай скарыначкі! Пальчэўскі. [Мышка] знайшла дзесь скарыначку хлеба і барабаніла ёю аб падлогу. Колас.

скары́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Цвёрды вонкавы слой хлеба, пірага і пад. Уліта Антонаўка занесла на стол гарачы пірог, .. накрыла ручніком, як пакрывала [хлебныя боханы], выняўшы іх з печы і абмыўшы румяную скарынку вадой. Шамякін. Свежы, з тоўстай бліскучай скарынкай быў хлеб. Мікуліч. «Печаная бульба — гэта казка, Паскрабеш нажом. — і калі ласка. Жоўтая скарынка, як пірог». Панчанка. // Пра ежу, харч, сродкі для існавання. [Цімох:] — Бедныя былі ў нас людзі, па ваработках цягаліся, служылі за няшчасныя рублі, за скарынку хлеба. Колас. Цягаў мяшкі пукатыя Ён дзень у дзень, каб мець Скарынку, каб за хатаю Шчэ пачакала смерць. Панчанка.

2. Верхні зацвярдзелы слой чаго‑н. Захрабусцела пад лапцямі нечапаная скарынка снегавой цаліны. Крапіва. Пастукала [Маня] рыдлёўкай — не лезе ў грунт. Толькі верхнюю скарынку сяк-так знімае. Якімовіч.

скары́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скарынкі (у 2 знач.).

скарыста́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скарыстаць.

скарыста́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скарыстаць.

скарыста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Выкарыстаць каго‑, што‑н. для якой‑н. справы; знайсці прымяненне каму‑, чаму‑н. [Мірон:] — А колькі часу прайшло, пакуль .. [першабытны чалавек] надумаўся скарыстаць камень? Маўр. Трэба скарыстаць вопыт іншых заводаў, пераняць у іх лепшае. Карпаў. — Старую хату [Алесь] скарыстаў пад варыўню. Скрыпка. Доўга меркавалі, нарэшце вырашылі скарыстаць узрывальнікі ад гранаты Ф–1 ці ад снарадаў — якраз для міны зацяжнога дзеяння. Новікаў. [Максім:] — [Сяргею] з яго фігурай .. вельмі цяжка ўнікаць шпікоў у камандзіроўках. А камандзіроўкі нашы, лічы, нелегальныя. Дык ты лепш скарыстай яго тут на якой-небудзь працы. Машара. // Выкарыстаць каго‑, што‑н. у сваіх інтарэсах, для сябе. Аднойчы вечарам бязносай не было ў хаце, і Казік вырашыў скарыстаць яе адсутнасць. Чарнышэвіч. // Ужыць у сваёй працы. Скарыстаць у сваім артыкуле рукапісныя матэрыялы.

скарысто́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скарыстоўваць — скарыстаць.

скарысто́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Знаходзіць прымяненне дзе‑н., у чым‑н. Дальні канец балота, які называўся Рогам, быў асушаны не поўнасцю і скарыстоўваўся пад сенажаці. Шамякін.

2. Зал. да скарыстоўваць.

скарысто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да скарыстаць.

скарыфікава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скарыфікаваць.