скарынка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Цвёрды вонкавы слой хлеба, пірага і пад. Уліта Антонаўка занесла на стол гарачы пірог, .. накрыла ручніком, як пакрывала [хлебныя боханы], выняўшы іх з печы і абмыўшы румяную скарынку вадой. Шамякін. Свежы, з тоўстай бліскучай скарынкай быў хлеб. Мікуліч. «Печаная бульба — гэта казка, Паскрабеш нажом. — і калі ласка. Жоўтая скарынка, як пірог». Панчанка. // Пра ежу, харч, сродкі для існавання. [Цімох:] — Бедныя былі ў нас людзі, па ваработках цягаліся, служылі за няшчасныя рублі, за скарынку хлеба. Колас. Цягаў мяшкі пукатыя Ён дзень у дзень, каб мець Скарынку, каб за хатаю Шчэ пачакала смерць. Панчанка.

2. Верхні зацвярдзелы слой чаго‑н. Захрабусцела пад лапцямі нечапаная скарынка снегавой цаліны. Крапіва. Пастукала [Маня] рыдлёўкай — не лезе ў грунт. Толькі верхнюю скарынку сяк-так знімае. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)