Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Захворваць шаленствам (пра жывёлу).

2. Прыходзіць у крайняе раздражненне, гнеў; вар’явацца, лютаваць. Шалець ад злосці. □ Б’ючы, .. [Яўхім] не толькі не спатольваўся, а шалеў яшчэ больш. Мележ. Толькі дарэмна бандыты З лютае злосці шалеюць, — Не задушыць ім свабоды, Не заняволіць Карэі! Танк. // перан. Вельмі бурна, інтэнсіўна праяўляць сваё дзеянне, сілу. Шалее вецер. □ Шалелі ўдалечыні салаўі, выдумляючы самыя мудрагелістыя грэлі. Хадкевіч. Плынь вады, справа адносна запаволеная, часам аж шалее злева, пад зараснікамі вербалозаў, што густа навісаюць над вадою з крутых лугавых абрываў. Кірэенка. Каторы дзень шуміць наўкола, Шалее лютая зіма, Аж дрэвы хіляцца да долу. Каторы дзень цябе няма. Танк.

3. Рабіць учынкі, пазбаўленне разважлівасці, здаровага розуму; паводзіць сябе як шаленец. Маладыя лейтэнанты проста шалелі, выклікаючы на сцэну на дзіва прыгожую самадзейную артыстку. Навуменка. А Любка шалела, цалавалася з усімі афіцэрамі. Лынькоў.

4. перан. Вельмі хутка расці, буяць. Рэдкі і маленькі, на пяску.. [ячмень] цяпер зусім пасох і пакорчыўся. Але ў ім шалеюць баравікі — беленькія, з чорнымі галоўкамі і тоўстым карэннем. Пташнікаў.

•••

Шалець з раскошы — перабіраць, капрызіць (пра асоб, якія перанасычаны ўсім, маюць усё ў дастатку).

шалёвачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шалёўкі. Я пераступіў парог кабінета — невялічкага пакойчыка з шалёвачнай пераборкай і рыпучымі.. дзвярамі. Кухараў. Ігналь злавіў вочап, зачапіў вядро за крук, што яшчэ даўно быў убіты ў шалёвачную агароджу, і падаўся ў хлеў. Лупсякоў. // Прызначаны для шалёўкі. Шалёвачныя дошкі.

шалёнасць, ‑і, ж.

Тое, што і шаленства (у 2 знач.). — Як? — ускінуўся Понтус, не стрымаўшы сябе і наліваючыся шалёнасцю. Карпаў.

шалёны, ‑ая, ‑ае.

1. Хворы на шаленства, на вадабоязь. Каханую жанчыну, жонку, некалі пакусаў шалёны воўк. Яна звар’яцела. Скрыган.

2. у знач. наз. шалёны, ‑ага, м.; шалёная, ‑ай, ж. Шаленец, вар’ят. [Дзед Юстын:] — Не пужайся! Гэта шалёны... Арцёмам завецца. Ён нікога не чапае. Бядуля.

3. Які страціў разважлівасць, цвярозы розум. [Раіна:] — Чым быць тваёй, лепш з хвалямі ракі Здружыцца мне ці згінуць у пятлі. — Шалёная! Самой жа будзе горш, — Казаў сабе, выходзячы на двор, Гарыдавец. Танк. // Які знаходзіцца ў стане крайняга раздражнення, які вар’юецца, лютуе. А тут жа блізка — сорак першы год... Слязамі і крывёй дзяцей заліты І па-сапраўднаму яшчэ нікім не біты, Шалёны фюрэр рваўся на ўсход. Жычка. // Люты, нястрыманы. Вельмі ўжо ўчэпістыя І задзірыстыя вочы ў Карніцкага І шалёны характар. Паслядовіч. Размах рэвалюцыйнага руху выклікаў страх і шалёны гнеў польскіх памешчыкаў і капіталістаў. Хромчанка. // Які выражае шаленства (у 2 знач.); уласцівы крайне раздражнёнаму, лютаму чалавеку. Лётчык устаў, шалёным позіркам акінуў усіх, рэзка ступіў правай нагой да Валодзі і выхапіў пісталет. Федасеенка. Шура зацяўся — у грудзях віравала шалёная злосць. Навуменка. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі.

4. перан. Вельмі інтэнсіўны, хуткі, моцны па сіле праяўлення. Шалёны вецер. Шалёная скорасць. □ І вось тры дні таму назад Міхал прачнуўся ад шалёнага брэху сабак. Чарнышэвіч. Узнімаецца густы, шалёны кулямёты агонь. Брыль. // Які вельмі хутка рухаецца, перамяшчаецца. Заўсёды стрэлачнікі ўваходных стрэлак закрывалі вочы, калі праносіліся каля іх віхрам шалёныя вагоны не менш шалёнага цягніка. Лынькоў. // Нястрыманы ў пачуццях; гарачы. [Кастусь] абхапіў Яніну і прынік да яе ў безразважным, шалёным пацалунку. Марціновіч. «Ваша ўсмешка запальвала ў маіх вачах шалёную радасць, выклікала жаданне бегаць, скакаць». Васілёнак. // Нечаканы, незвычайны, неверагодны. Дзядзька не захацеў І слухаць пра гэтую шалёную прапанову свайго пляменніка. Паслядовіч. // Азартны, заядлы. Што ты, што ты, карцёжнік шалёны! — Зямля жахнулася: трэба жыць. Схапіла ў абдымкі рукамі зялёнымі І загадала: ляжы, ляжы. Панчанка.

5. перан. Поўны небяспекі, нечаканасцей, рызыкі. Шалёнае падарожжа. □ Сама.. [жонка] трываць не магла шалёных горных дарог і звычайна ад гэтых экзатычных падарожжаў адмаўлялася. Васілевіч. // Неспакойны, бурны. Пасля той шалёнай ночы Аміля зноў стала ад яго [Бушмара] плакаць. Чорны.

6. Свавольны, дураслівы. Рабілася шкада, па-бацькоўску шкада хлопцаў, крышку шалёных, а ўсё ж такі добрых, сваіх... Брыль.

7. перан. Выпадковы, нечаканы, бязладны (пра кулю, снарад). Здарылася няшчасце. [Дзядзька Ігнат:] — Выпадковая куля, як кажуць, шалёная куля падкасіла партызана, калі ён адыходзіў з лагера. Ваданосаў. Разарваўся шалёны снарад. Дзяргай.

8. перан. Празмерна вялікі, завышаны (пра заработак, цану і пад.). [Марголін:] — Табе, танкісту, — шалёны заработак.. Дзве тысячы ў месяц. Грамовіч. Па-першае, шалёная цана, А па-другое, не абутак, а пародыя адна. Валасевіч.

•••

Шалёны поп хрысціў каго гл. поп.

Шалёныя грошы — грошы, якія лёгка дастаюцца і таму расходуюцца вельмі неэканомна.

шалёстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. каго-што. Біць, сцябаць з шумам. Было на .. [грэблі], казалі, і страшнае месца, адкуль часамі выбягаў нехта ў чырвоным, з пугаю ў руках і шалёстаў па вушах таго, хто позна ехаў з поля. Колас. Ціха ўвайшла [маці] праз сені ў кухню, зняла з цвіка татаў рэмень, ш-шах! — адчыніла дзверы ў хату і давай шалёстаць — і папа і дыякана! Брыль.

2. Шамацець, шалясцець. Шалёсталі ссохлым лісцем, палівалі зямлю золкімі дажджамі верасні. Карамазаў.

шалёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шаляваць.

2. зб. Тонкія дошкі, якія ідуць на абшыўку драўляных пабудоў. Сярод двара чарнеюць пад дажджом напілаваныя на цыркулярцы шалёўкі, складзеныя высокім трохкутнікаў, каб не каселі. Ермаловіч. Высокая масіўная брама была збіта ўзорам з нарэзаных шалёвак. Дуброўскі. Пятро доўга ішоў.. паўз абшытыя шалёўкай прысадзістыя дамы — амаль кожны з блакітнымі аканіцамі. М. Стральцоў. // Абшыўка з такіх дошак. Пятро і ў сваім двары быў гаспадар. Хоць дом у яго быў даўні, але жаўцеў шалёўкай, нібы падвошчаны. Ракітны. Чалавек працягнуў паверх шалёўкі калючы дрот, каб не лазілі падшывальцы ў сад, бліжэй перавязаў сабаку. Даніленка.

3. Р мн. шалёвак. Адна з такіх дошак. Выбраўшы паточаную шашалем шалёўку, [стары] скінуў яе на ніз. Брыль.

4. Накладныя планкі вакол акна, дзвярэй. Бярвенне было здаровае, смольнае, шуфляды ў вокнах тоўстыя, і шалёўка на іх шчыльна дапушчана. Чорны. Алёша пачуў, як яго пацягнула ўперад, падняло ўгору ад зямлі аж да верхняй шалёўкі ў акне. Пташнікаў.

[Ад польск. szalówka.]

шалёўчына, ‑ы, ж.

Разм. Шалёвачная дошка. Бацька сам зрабіў.. [паліцу]. Абгабляваў дзве тоўстыя дошкі, уверсе пілкай закругліў іх, папраразаў па тры папярочныя пазы, упусціў у іх абгабляваныя шалёўчыны і прыбіў усё гэта да сцяны. Сабаленка.

ша́лік, ‑а, м.

Выраб з тканіны або шарсцяных нітак для захутвання шыі. У Івана на шыі новы шалік, шэранькі, а ў Куліны — вялікая кашміровая хустка з махрамі. Гарэцкі. [Андрэй Ніне] мяккім пуховым шалікам захутваў шыю, зашпільваў гузікі паліто. Лобан.

шаліно́вы, ‑ая, ‑ае.

У выразе: шаліновая хустка — тое, што і шаліноўка.

шаліно́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.

Разм. Вялікая тонкая шарсцяная, кашміровая хустка ў кветкі. Тады той, што моцна трымаў Вольгу за руку, прапанаваў ёй: — Выйдзем... пройдземся. — Яна ўскінула на плечы шаліноўку. Лось. Вось і на гэты раз.. [Марфа] крыху ўзнімалася над людскімі галовамі, і яе высокая кукла ў квя[ці]стай шаліноўцы паварушвалася ў такт барабана. Кулакоўскі.

[Ад польск. szalinówka.]