Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скіксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.

Няўдала ўдарыць, зрабіць кікс пры гульні ў більярд.

скі́нія, ‑і, ж.

Уст. У біблейскім паданні — пераносны храм у выглядзе шатра, які быў у старажытных яўрэяў да пабудавання храма ў Іерусаліме.

[Грэч. skēnē — шацёр.]

скі́нуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скінуць.

скі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Зваліцца, упасці з чаго‑н. Кніга скінулася з паліцы. □ І скінуўся [з дуба] на зямлю бедны Кірыла з прабітаю навылет галавою. Колас. Кірык .. спудзіў каня, з якога скінулася і вывіхнула руку паненка. Ляўданскі. // Кінуцца ўніз адкуль‑н. Скінуцца з моста.

2. Сабраць грошы на якую‑н. агульную справу; скласціся. Мужыкі прыціхлі. Закрычалі: — Чалавек ідзе ў такія далі! На дарогу скінемся, браткі!.. — Капшукі з кішэняў даставалі, Мятыя рублёўкі расхіналі, На мяжу ля грушы-дзічкі клалі Ды кідалі грыўні, пятакі. Бялевіч. Рыгор Андрэевіч не паскупіўся — даў чырвонец на выпіўку. На закусь скінуліся па рублю. Мыслівец.

3. Разм. Нарадзіцца дачасна (пра дзіця). Як жа хацела Нюрка, каб тое дзіця скінулася ці нежывое нарадзілася. Арабей.

4. Разм. Згуляць (пра карты). [Кацура:] — Вечары цяпер доўгія. Збяромся, гаворым, у карты скінемся, у шашкі пагуляем. Асіпенка.

скі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што і без дап.

1. Кінуць уніз адкуль‑н., з чаго‑н.; вымусіць упасці з чаго‑н. Скінуць вазон з акна. □ Уначы атраду Яўгена Харошкі партызанскія самалёты скінулі, як ніколі да гэтага, вялікі груз. Кавалёў. Конь скінуў цівуна ў глыбокую канаву. Бядуля. [Дзед:] — Дзеткі, Юрась зараз агуркі палье, а вы схадзіце скіньце з вышак карове сена... Караткевіч. Алеся скінула чамадан з пляча, даволі моцна грукнуўшы ім аб зямлю. Шамякін. // Высадзіць каго‑н. з самалёта ў час палёту. Скінуць дэсант. / Пра поезд, эшалон і пад. [Кардаш:] — Я выбух чуў, грымнула, аж шыбы задрыжалі. Так і падумаў — зноў цягнік скінулі. Навуменка.

2. З боем адцясніць, выбіць з занятай пазіцыі. І пайшлі палкі на горад .. — Скінуць ворагаў у мора. Зарыцкі.

3. Звергнуць, пазбавіць улады; вызваліцца ад чыйго‑н. панавання. Аднойчы лютаўскай раніцай жыхароў нашага горада ўскалыхнула навіна: скінулі цара. Хомчанка. / у перан. ужыв. Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ. А. Александровіч. // Разм. Зняць з пасады, звольніць. Скінуць з загадчыка. □ [Оля:] — Як не пабудуеш клуба, скінем цябе са старшыні! Пестрак.

4. Зняць з сябе (вопратку, абутак і пад.). Дзімін ахвотна скінуў з сябе кашулю, саколку і, фыркаючы, пачаў умывацца. Карпаў. Падышлі да балотца, паклалі насілкі на зямлю, таму што Зіне і Святлане трэба было скінуць абутак. Кулакоўскі. [Кабета] скінула хустку, падышла к вядру і стала ліць на рукі ваду. Чорны. Скрыпнуў ложак. Аляксандра Пятроўна скінула з сябе коўдру, паднялася. Каршукоў. // Зняць рыўком што‑н. з чаго‑н. [Крушынскі] скінуў з кніжак упаковачную жоўтую паперу. Бядуля. [Грасыльда] выцягнула з прабоя сук, патрымала ў руках, пасля сунула яго недзе пад страху. Тады скінула клямку — тая глуха бразнула аб дошкі — і адхінула дзверы. Пташнікаў. // Страціць, пазбавіцца чаго‑н. у час лінькі, лістападу (пра жывёл, расліны). Скінуў лось рогі... Густыя кручаныя рогі мякка ўпалі ў траву. Блатун. Асыплюцца жалуды, скінуць дубы сваё лісце, а на галінках дзічкі вісяць невялікія жоўтыя яблычкі. Бяспалы. // перан. Пазбавіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Па ўсмешцы ягонай бачу, што адказаў бы, ахвотна скінуў бы сваю службовую сур’ёзнасць. Брыль. Апошнія чары салодкага сну скінуў з сябе Петрык. Шынклер. Калі кончыўся лес, пайшлі кусты і наперадзе зачарнелася хата, Надзя нібы ачнулася, скінула з сябе стому. Бураўкін.

5. Разм. Збавіць, зменшыць на якую‑н. колькасць, велічыню. [Аляксей:] — Асудзілі на дваццаць гадоў. Апеляцыя два гады скінула. Машара. [Алесь:] — А вы, пан Яраш, дзейнічаеце зусім не па-суседску .. Таргуецеся, нібы мы чужыя людзі. Не скінуць нейкай там сотні! Караткевіч. Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас.

6. Разм. Скласці, сабраць у адно месца. Скінуць галлё ў кучы.

7. Разм. Пры падліку на лічыльніках — зняць нейкую суму, адсунуўшы костачкі назад.

8. Абл. Зваліць, зняць (пра дрэва, будыніну). Сасну Завішнюк выбраў сам. Андрэй з Юркам Далінай скінулі яе з пня. Пташнікаў. [Антон Крамарэвіч:] — Калі пяройдзем у новы дом, то старую хату тады я скіну з месца. Чорны. // Зваліць (пра хваробу). Рукалеева скінуў тыф... Тыф быў у атрадзе ў лагеры і ў вёсцы. Пташнікаў.

9. Разм. Дачасна пазбавіцца ад цяжарнасці па якой‑н. прычыне. Марыя раптам захварэла, злягла ў пасцель. Грушка запрасіў гінеколага, і жанчына-ўрач пасля агледзін сказала Грушку на адзіноце, што Марыя — скінула... Пестрак.

10. У гідратэхніцы — адвесці ваду з якога‑н. вадаёма. Скінуць ваду з Салігорскага вадасховішча ў Случ.

11. Зрабіць скідку (у 4 знач.). [Руфка:] — Скінуць след убок і зайцу не ўсякаму ўдаецца. Машара.

12. Сабраць грошы на якую‑н. агульную справу; скласціся. Скінуць па рублю.

13. У картачнай гульні — пакласці меншую карту ў адказ на карту партнёра.

•••

Скінуць газ — тое, што і збавіць газ (гл. збавіць ​1).

Скінуць з рахунку — перастаць прымаць да ўвагі.

Скінуць маску — тое, што і зняць маску (гл. зняць).

Скінуць цяжар — вызваліцца ад чаго‑н. цяжкага, што выклікае шмат клопатаў.

Як вокам скінуць — тое, што і як вокам ахапіць (гл. ахапіць).

скіп, ‑а, м.

Спец. Самаразгрузная скрыня для падымання грузу, якая перамяшчаецца на роліках па канаце пад’ёмнай устаноўкі. [Леў Сцяпанавіч:] — Ваганеткі мы прапануем замяніць скіпамі. Паслядовіч.

[Англ. skip.]

скі́павы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да скіпа. Скіпавы канат. Скіпавы пад’ёмнік. // Які ажыццяўляецца пры дапамозе скіпаў. Скіпавая падача руды.

скіпа́цца, ‑аецца.

Незак. да скіпецца.

скіпа́ць, ‑ае.

Незак. да скіпець.

скі́петр, ‑а, м.

Жазло, упрыгожанае разьбой і каштоўнымі камянямі — знак царскай улады.

•••

Пад скіпетрам чыім — пад уладай якога‑н. гасудара, дзяржавы (быць, знаходзіцца і пад.).

[Грэч. skēptron.]