скі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што і без дап.
1. Кінуць уніз адкуль‑н., з чаго‑н.; вымусіць упасці з чаго‑н. Скінуць вазон з акна. □ Уначы атраду Яўгена Харошкі партызанскія самалёты скінулі, як ніколі да гэтага, вялікі груз. Кавалёў. Конь скінуў цівуна ў глыбокую канаву. Бядуля. [Дзед:] — Дзеткі, Юрась зараз агуркі палье, а вы схадзіце скіньце з вышак карове сена... Караткевіч. Алеся скінула чамадан з пляча, даволі моцна грукнуўшы ім аб зямлю. Шамякін. // Высадзіць каго‑н. з самалёта ў час палёту. Скінуць дэсант. / Пра поезд, эшалон і пад. [Кардаш:] — Я выбух чуў, грымнула, аж шыбы задрыжалі. Так і падумаў — зноў цягнік скінулі. Навуменка.
2. З боем адцясніць, выбіць з занятай пазіцыі. І пайшлі палкі на горад .. — Скінуць ворагаў у мора. Зарыцкі.
3. Звергнуць, пазбавіць улады; вызваліцца ад чыйго‑н. панавання. Аднойчы лютаўскай раніцай жыхароў нашага горада ўскалыхнула навіна: скінулі цара. Хомчанка. / у перан. ужыв. Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ. А. Александровіч. // Разм. Зняць з пасады, звольніць. Скінуць з загадчыка. □ [Оля:] — Як не пабудуеш клуба, скінем цябе са старшыні! Пестрак.
4. Зняць з сябе (вопратку, абутак і пад.). Дзімін ахвотна скінуў з сябе кашулю, саколку і, фыркаючы, пачаў умывацца. Карпаў. Падышлі да балотца, паклалі насілкі на зямлю, таму што Зіне і Святлане трэба было скінуць абутак. Кулакоўскі. [Кабета] скінула хустку, падышла к вядру і стала ліць на рукі ваду. Чорны. Скрыпнуў ложак. Аляксандра Пятроўна скінула з сябе коўдру, паднялася. Каршукоў. // Зняць рыўком што‑н. з чаго‑н. [Крушынскі] скінуў з кніжак упаковачную жоўтую паперу. Бядуля. [Грасыльда] выцягнула з прабоя сук, патрымала ў руках, пасля сунула яго недзе пад страху. Тады скінула клямку — тая глуха бразнула аб дошкі — і адхінула дзверы. Пташнікаў. // Страціць, пазбавіцца чаго‑н. у час лінькі, лістападу (пра жывёл, расліны). Скінуў лось рогі... Густыя кручаныя рогі мякка ўпалі ў траву. Блатун. Асыплюцца жалуды, скінуць дубы сваё лісце, а на галінках дзічкі вісяць невялікія жоўтыя яблычкі. Бяспалы. // перан. Пазбавіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Па ўсмешцы ягонай бачу, што адказаў бы, ахвотна скінуў бы сваю службовую сур’ёзнасць. Брыль. Апошнія чары салодкага сну скінуў з сябе Петрык. Шынклер. Калі кончыўся лес, пайшлі кусты і наперадзе зачарнелася хата, Надзя нібы ачнулася, скінула з сябе стому. Бураўкін.
5. Разм. Збавіць, зменшыць на якую‑н. колькасць, велічыню. [Аляксей:] — Асудзілі на дваццаць гадоў. Апеляцыя два гады скінула. Машара. [Алесь:] — А вы, пан Яраш, дзейнічаеце зусім не па-суседску .. Таргуецеся, нібы мы чужыя людзі. Не скінуць нейкай там сотні! Караткевіч. Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас.
6. Разм. Скласці, сабраць у адно месца. Скінуць галлё ў кучы.
7. Разм. Пры падліку на лічыльніках — зняць нейкую суму, адсунуўшы костачкі назад.
8. Абл. Зваліць, зняць (пра дрэва, будыніну). Сасну Завішнюк выбраў сам. Андрэй з Юркам Далінай скінулі яе з пня. Пташнікаў. [Антон Крамарэвіч:] — Калі пяройдзем у новы дом, то старую хату тады я скіну з месца. Чорны. // Зваліць (пра хваробу). Рукалеева скінуў тыф... Тыф быў у атрадзе ў лагеры і ў вёсцы. Пташнікаў.
9. Разм. Дачасна пазбавіцца ад цяжарнасці па якой‑н. прычыне. Марыя раптам захварэла, злягла ў пасцель. Грушка запрасіў гінеколага, і жанчына-ўрач пасля агледзін сказала Грушку на адзіноце, што Марыя — скінула... Пестрак.
10. У гідратэхніцы — адвесці ваду з якога‑н. вадаёма. Скінуць ваду з Салігорскага вадасховішча ў Случ.
11. Зрабіць скідку (у 4 знач.). [Руфка:] — Скінуць след убок і зайцу не ўсякаму ўдаецца. Машара.
12. Сабраць грошы на якую‑н. агульную справу; скласціся. Скінуць па рублю.
13. У картачнай гульні — пакласці меншую карту ў адказ на карту партнёра.
•••
Скінуць газ — тое, што і збавіць газ (гл. збавіць 1).
Скінуць з рахунку — перастаць прымаць да ўвагі.
Скінуць маску — тое, што і зняць маску (гл. зняць).
Скінуць цяжар — вызваліцца ад чаго‑н. цяжкага, што выклікае шмат клопатаў.
Як вокам скінуць — тое, што і як вокам ахапіць (гл. ахапіць).