Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мігце́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. мігцець.

мігце́цца, ‑ціцца; незак.

1. Блішчаць няроўным святлом. Малюся я гэтаму сонцу на небе І зоркам, што ночкай мігцяцца. Купала.

2. Няясна віднецца, мільгаць. Праз туман бялесы Выплываюць дні рашучых бур... Зіхацяць у іх агні Загэсу І мігціцца блізкі Асінбуд... Таўбін.

мігце́ць, ‑ціць; незак.

1. Ледзь свяціцца. У хаце чад, мігціць газніца. Лужанін. У адным акне мігцеў скупы агонь. Чарнышэвіч.

2. Свяціць няроўным бляскам. Праз некаторы час неба на ўсходзе пабялела і зоркі пачалі мігцець не так ярка. Ляўданскі.

3. Хутка праносіцца, мільгаць. Вятры тугія свішчуць ля кабіны, Мігцяць слупы, зігзагі паваротаў. Ставер.

4. перан. З’яўляцца на кароткі час і зноў знікаць. Мігцяць думкі. □ Мучыў боль па загінуўшым сыне, мігцела надзея хоць што-небудзь пачуць аб ім. Лужанін.

мі́дзі, нескл., ж.

Разм. Жаночае адзенне (спадніца, сукенка, паліто) сярэдняй даўжыні.

[Англ. midi.]

мі́дыя, ‑і, ж.

Спец. Двухстворкавы марскі малюск, прыдатны для яды.

міёграф, ‑а, м.

Спец. Прыбор для запісу (графічнай рэгістрацыі) мышачных скарачэнняў.

[Ад грэч. mys (myos) — мышца і graphō — пішу.]

міёлаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне міялогіі.

міёма, ‑ы, ж.

Дабраякасная шарападобная пухліна з мышачнай тканкі.

[Ад грэч. mys (myos) — мышца.]

між, прыназ. з Р і Т.

Спалучэнне з прыназ. «між» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку паміж якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Спасцярожліва ідуць Нупрэй і дзед Талаш праз лес, прабіраюцца праз зараснікі балот, праходзяць бязлюдныя паляны між лесу і балот. Колас. Імчым між пнёў, між купін. Куляшоў. Будынак сельсавета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам. Шамякін. [Начлежнік:] — Глядзіш ты на мяне так, як бы нас з табою раздзяляе каменная сцяна, а ніякай сцяны між намі няма. Чорны. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Быў час — стаіўшыся знямела Між пустак, пушчаў і балот, Ты ў занядбанні быў, народ. Колас. Шум між каласамі, Ды яны не чуюць, Неўзабаве, днямі Сход склікаць мяркуюць. Броўка. // Указвае на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Між глыбокіх снягоў, Дзе лес глуха шуміць, Ціхі дом леснікоў Адзінока стаіць. Колас. Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай. Багдановіч.

Часавыя адносіны

2. з Т (і абл. з Р). Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцавы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу, пэўны перыяд. Перыяд між 1917 і 1941 гадамі. Два дні між святамі. □ Быў час між лета і вясны. Куляшоў. // Тое ж пры ўказанні на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку паміж якімі што‑н. адбываецца. Перапынкі між заняткамі. □ Між работаю.. [парабчук] падбег да мяне. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. Дружба між народамі. Спрэчка між сяброў. □ Але адступала навала, Яе мы з табою змаглі. Апошняга хлеба кавалак Ты нам аддала, каб былі Надзейнымі заўжды сынамі Вялікае праўды твае, Каб шчырая дружба між намі Раскрыла пяшчоты свае. Хведаровіч.

4. з Т або Р. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. У сацыялістычным грамадстве сціраецца адрозненне між горадам і вёскай. □ І я, Між усімі Баец радавы, Таксама Да Леніна. Шчыра іду. Кірэенка. [Рыгор] бачыў жорсткую супярэчнасць між воляю некаторых людзей і вымаганнямі гістарычнай неабходнасці. Гартны.

5. з Т або Р. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, надзел чаго‑н. Раздзяліць падручнікі між вучнямі. □ У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваюць між галін і на галінах дрэў бялюсенькую снежную сець. Колас.

•••

Між іншым гл. іншы.

Між (паміж) намі (кажучы) гл. мы.

між...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню прыназоўніку «між», напрыклад: міжбібліятэчны, міжвідавы.