Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

знаменава́ць, ‑мяную, ‑мянуеш, ‑мянуе; незак., што.

Кніжн. Азначаць што‑н., сведчыць аб чым‑н. Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя знаменавала сабою пачатак новай эры, новага спосабу жыцця на адной шостай частцы зямнога шара. Арабей.

знамяна́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць знамянальнага; важнасць, асобая значнасць чаго‑н. Знамянальнасць падзей.

знамяна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Важны, выдатны па значэнню. Знамянальная дата. Знамянальныя падзеі.

2. Які мае асаблівы сэнс, асаблівае значэнне. Усе глядзелі на сцягі, як на нейкую знамянальную з’яву. Шамякін.

3. Які мае самастойнае значэнне. Знамянальныя часціны мовы.

зна́нне, ‑я, н.

Разм. Веды. — У сваёй рабоце чэрпаў малады настаўнік і поўную чару высокага задавальнення, пазіраючы, як дзеці набіраліся знання. Колас.

зна́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Вядомы, славуты, праслаўлены. Вось тут Жыў знаны Гедымін. Ну й будаваў. Сцяна — з вярсту Утоўшч. Панчанка.

2. Знаёмы, пазнаны ў мінулым. Знаны смак. Знаныя дарогі. □ Цяпер прымаеш знаны змалку свет з той прагнасцю, калі ўжо чуеш водар, якім крамяны патыхае цвет мясістага бульбоўніку з гарода. Русецкі.

знараві́цца, ‑раўлюся, ‑равішся, ‑равіцца; зак.

Разм. Зрабіцца наравістым, упартым. Валька Янкава сказала Тодарчыку не кідаць Смыка, бо ён наравісты. А знаравіцца — кладзецца ў аглоблях нават на сухім. Хоць забі яго. Пташнікаў.

знараві́ць, ‑раўлю, ‑равіш, ‑равіць; зак., каго.

Разм. Зрабіць наравістым, упартым. Знаравіць каня. Знаравіць дзіця.

знаро́к, прысл.

З якой‑н. мэтай, з пэўнымі намерамі; спецыяльна. Ехалі [немцы] полем — знарок аб’язджалі лес. Шамякін. Каршун, праходзячы паўз Васіля, знарок наступіў яму на нагу. Няхай. // Насуперак чыйму‑н. жаданню; назло. Тралейбус, здавалася, ледзь варушыўся, а прыпынкі былі доўгія, як знарок. Дамашэвіч.

знаро́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад знаравіць.

знаро́чысты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Наўмысны, спецыяльны. Знарочыстая суровасць была ў тоне і твары Міхала, але ў вуснах блукала ледзь прыкметная ўсмешка. Пестрак.