злітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
Уст. Спаяць.
злі́так, ‑тка, м.
Кусок металу, атрыманы ў выніку плаўлення і адліўкі яго ў спецыяльную форму. Злітак чыгуну. Злітак сталі. // Разм. Кусок самароднага золата або срэбра.
злі́тасцівіцца, ‑ціўлюся, ‑цівішся, ‑цівіцца; зак.
Разм. Тое, што і злітавацца. [Палонны] пачаў прасіцца, каб над ім злітасцівіліся. Шахавец.
злі́ткавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да злітка, сустракаецца ў выглядзе зліткаў. Зліткавае золата.
злі́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан злітнага; адзінства каго‑, чаго‑н. Злітнасць партыі з народам. □ Аўтар хоча давесці свой твор да ўзорнай закончанасці, да найбольшай злітнасці формы з ідэяй. Чорны.
злі́тны, ‑ая, ‑ае.
Які зліўся ў адно цэлае; адзіны, непадзельны. Злітнае напісанне. □ Умеў .. [Карп] на сходзе ў злітным тлуме распазнаць, адчуць і вылучыць галасы тых, каму найбольш цяжкі быў стары лад жыцця. Дуброўскі. Разам падаліся да калоны ўсе, зліліся, перамяшаліся і сталі гаманлівай злітнай масай. Шынклер.
зліто́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да злітавацца.
2. Зал. да злітоўваць.
зліто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да злітаваць.
злі́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад зліць.
2. у знач. прым. Злучаны ў адно, непадзельны (для слыху, зроку). Залы палаца амаль усе пуставалі, затое разнастайных гукаў, злітых у адну несціханую мелодыю, было хоць адбаўляй. М. Ткачоў.
зліў, зліва і зліву, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. зліваць — зліць (у 1 знач.).
2. ‑а. Спец. Прыстасаванне для сцёку вады або другой вадкасці. Брудная вада сама вылівалася праз дзірку ў дне карыта і сцякала на двор: пад карытам у падлозе Лапко зрабіў зліў. Колас.
3. ‑а. Месца, дзе зліваюцца рэкі. Гарадзішча старое на зліве рэк, Больш як дзесяць стагоддзяў назад Першы зруб паставіў тут чалавек. Караткевіч.