Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

злучы́ць 1, злучу, злучыш, злучыць; зак., каго-што.

1. Змацаваць адно з другім пры дапамозе чаго‑н., якім‑н. чынам. Злучыць канцы правадоў. // перан. Звязаць якімі‑н. адносінамі, пачуццямі і пад. [Паўлінка:] Калі, калі ўжо надыдзе тая часінка, што нас злучаць навекі, і мы ўжо ніколі не расстанемся? Купала. — Ты — мой любы і жаданы, і я мой лёс злучу з табой. Машара.

2. Устанавіць зносіны, сувязь з чым‑н., паміж чым‑н. Злучыць новыя гарады чыгункай. Злучыць сельсаветы тэлеграфнай сувяззю. □ Каналамі злучылі мора з морам, Стан Волга абняла Масквы-ракі... Купала. // Зрабіцца сродкам зносін, сувязі паміж чым‑н. І мост над глыбокай ракою Падняўся, што выгіб дугі, Навекі злучыў між сабою Крутыя яе берагі. Калачынскі. // Падключыць нумар абанента для тэлефонных перагавораў. [Кісель] прайшоў у кабінет Яўгена Данілавіча і папрасіў тэлефаністку пошты злучыць яго з кватэрай. Паслядовіч. [Камісараў:] Зараз жа злучыце мяне з тэлеграфам. Маўзон.

3. Сабраць разам, аб’яднаць; утварыць адно цэлае. — Паўстань, народ, глучы ўсе сілы Супроць тэўтонскае арды. Колас. [Трактар] выйшаў на зарэчныя палі, каб заараць усе межы і ўсе палеткі злучыць у адно шырокае калгаснае поле. Бяганская.

4. Прывесці ў хімічнае ўзаемадзеянне. Злучыць вадарод з кіслародам.

5. Звязаць, спалучыць. Злучыць тэорыю з практыкай.

злучы́ць 2, злучу, злучыш, злучыць; зак., каго.

Звесці самку і самца для палавога акта з мэтай атрымання прыплоду.

злучэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. злучаць ​1 — злучыць ​1 і злучацца — злучыцца.

2. Тое, што злучае што‑н.; месца, дзе злучана што‑н. — Па сцежках і па дарозе пастаўлены дазоры .. На злучэнні дарог, у даліне, — ручны кулямёт. Самуйлёнак.

3. Вялікая вайсковая адзінка (брыгада, дывізія, корпус і пад.). Танкавыя злучэнні. Партызанскае злучэнне.

4. Рэчыва, малекула якога складаецца з атамаў некалькіх элементаў. Хімічнае злучэнне. Кіслароднае злучэнне.

5. Спосаб сувязі самастойных раўнапраўных слоў або сказаў. Сказы звязваюцца па спосабу злучэння і падпарадкавання.

злу́шчвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да злушчыцца.

2. Зал. да злушчваць.

злу́шчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да злушчыць.

злу́шчыцца, ‑шчыцца; зак.

Ачысціцца, аддзяліцца (пра шкарлупіны, верхні слой чаго‑н.).

злу́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., што.

1. Ачысціць, аддзяліць верхні слой чаго‑н. Злушчыць шкарлупіну з яйца.

2. З’есці, разгрызаючы шкарлупіну. Злушчыў поўную жменю гарбузікаў.