дурні́ла, ‑ы, м.
Разм. лаянк. Дурань, дурніца. — Ну, хутчэй абувай, чуеш! Скакаць пойдзеш! — З табой? — Ну а што ж? Са мною! Ох ты, дурніла! Яшчэ падзякуй, што бяру! Чарот.
дурні́ца, ‑ы, м. і ж.
Разм. лаянк. Дурань, дурніла. А гэты Юзік — шаляніца, Малы яшчэ, зусім дурніца, Так пад нагамі і таўчэцца. Колас. — Вось скажу заўтра Казюку, што Грышка бачыў, — абазваўся Хведар. — Маўчы, дурніца... і слова нікому не рэкні. Чарот.
дурні́цы, ‑ніц; адз. дурніца, ‑ы, ж.
Тое, што і буякі.
дурні́чнік, ‑у, м., зб.
Разм. Сцёблы дурніц. Брусніц на пагорку, яшчэ зеленаватых, — што насыпана. Над імі — высокі дурнічнік, увесь у ягадах. Пташнікаў.
дурно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце і дурната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
Тое, што і дурасць. Сэрца маці згаджалася, а розум пратэставаў, баяўся, каб, крый божа, не нарабіла [дачка] глупства па дурноце. Васілевіч.
дурны́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Разумова абмежаваны, тупы; неразумны. Дурная галава. □ Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурны. Якімовіч. // Наіўны, неспрактыкаваны, нездагадлівы. Лявон важна сказаў: — Дурныя вы, могілкі — самае бяспечнае месца. Асіпенка. // Які выражае разумовую абмежаванасць, сведчыць аб дурасці. — Калі сустрэнеш папа на дарозе — не к дабру, — кажуць людзі. Міхалка плюе, нібы верыць у гэты дурны забабон. Бядуля. // Выпадковы, беспадстаўны. Дурны смех.
2. у знач. наз. дурны́, ‑о́га, м. Тое, што і дурань. Дурному закон не пісан. Прыказка.
3. Варты асуджэння; дрэнны, непрыемны. [Караневіч:] Была адна дурная гісторыя, пра якую мне не хочацца гаварыць. Крапіва. — Я гэта табе кажу для таго, каб ты зразумела мяне і не дакарала за мой дурны і недаравальны ўчынак. Лобан. / у знач. наз. дурно́е, ‑о́га, н. Дурное лезе ў галаву.
4. Цяжкі, благі. Нешта садніла сэрца ў Ганны, настрой дурны навяваўся на яе. Нікановіч.
•••
Дурны як бот; дурны як баран — пра разумова адсталага чалавека.
Дурным голасам гл. голас.
З дурнога розуму гл. розум.
Няма дурных! гл. няма.
Як на маю дурную галаву (мой дурны розум) гл. галава.
дуро́нік, ‑а, м.
Разм. Свавольнік, гарэза. Па вадзе шлёпаюць басанож малыя дуронікі, закасаўшы нагавіцы, задраўшы кашулі. Гарэцкі.
дуро́ны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Свавольны, гарэзлівы. Дуронае дзіця.
ду́рра, ‑ы, ж.
Трапічная хлебная расліна сямейства злакаў; род сорга.
[Араб. durra.]
ду́рыкі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. дурыцца; свавольства. Хопіць дурыкаў.