дурны́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Разумова абмежаваны, тупы; неразумны. Дурная галава. ▪ Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурны. Якімовіч. // Наіўны, неспрактыкаваны, нездагадлівы. Лявон важна сказаў: — Дурныя вы, могілкі — самае бяспечнае месца. Асіпенка. // Які выражае разумовую абмежаванасць, сведчыць аб дурасці. — Калі сустрэнеш папа на дарозе — не к дабру, — кажуць людзі. Міхалка плюе, нібы верыць у гэты дурны забабон. Бядуля. // Выпадковы, беспадстаўны. Дурны смех.
2. у знач. наз. дурны́, ‑о́га, м. Тое, што і дурань. Дурному закон не пісан. Прыказка.
3. Варты асуджэння; дрэнны, непрыемны. [Караневіч:] Была адна дурная гісторыя, пра якую мне не хочацца гаварыць. Крапіва. — Я гэта табе кажу для таго, каб ты зразумела мяне і не дакарала за мой дурны і недаравальны ўчынак. Лобан. / у знач. наз. дурно́е, ‑о́га, н. Дурное лезе ў галаву.
4. Цяжкі, благі. Нешта садніла сэрца ў Ганны, настрой дурны навяваўся на яе. Нікановіч.
•••
Дурны як бот; дурны як баран — пра разумова адсталага чалавека.
Дурным голасам гл. голас.
З дурнога розуму гл. розум.
Няма дурных! гл. няма.
Як на маю дурную галаву (мой дурны розум) гл. галава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)