вараняня́ і варанянё, ‑няняці; мн. ‑няняты, ‑нянят; м.
Птушаня вароны.
вараня́чы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да вароны. Птушанё разяўляла рот і жаласна папісквала, паўтараючы той характэрны гук, які ўласцівы ўсяму варанячаму роду. Якімовіч.
варата́р, ‑а, м.
Ігрок, які абараняе вароты ў спартыўных гульнях. Стралою з аднаго кутка ў другі праносіўся мяч; варатары мітусіліся ля варот. Шахавец.
вараці́ла, ‑ы, м.
Разм. Чалавек, які варочае вялікімі справамі; дзялок. Фінансавыя варацілы. □ Пасля вяселля.. [Хурс] пускаў ужо ў абарот у разоў тры большыя грошы і выразна ўжо вырас у вялікага варацілу. Чорны.
ва́рачны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для варкі, выварвання. Варачны цэх. Варачны кацёл.
ва́рвар, ‑а, м.
1. Гіст. пагард. Назва, якая давалася старажытнымі грэкамі і рымлянамі суседнім з імі народам, якія стаялі на ніжэйшай ступені культурнага развіцця.
2. Некультурны, неадукаваны чалавек. Каланізатарам было выгадна аб’явіць афрыканцаў «варварамі», каб абгрунтаваць сваю «цывілізатарскую» місію. «ЛіМ». // Жорсткі, бязлітасны чалавек. Фашысцкія варвары.
[Грэч. barbaros — не грэк, чужаземец.]
ва́рварскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да варвара (у 1 знач.). Варварскія плямёны.
2. Некультурны, невуцкі. Варварскія адносіны да помнікаў мастацтва. // Жорсткі, бязлітасны, дзікі. Каб адпомсціць за ўцёкі некалькіх дзесяткаў палоннікаў, гітлераўцы прыдумалі для ўсіх астатніх варварскае пакаранне. Пятніцкі.
ва́рварства, ‑а, н.
1. Невуцкія, абыякавыя адносіны да культурных каштоўнасцей. Глыбокае крывадушша і ўласцівае буржуазнай цывілізацыі варварства выступаюць перад нашым позіркам у аголеным выглядзе, калі мы гэтую цывілізацыю назіраем не ў сябе дома, дзе яна набывае рэспектабельныя формы, а ў калоніях, дзе яна выступае без усякіх пакрыццяў. Маркс. // Жорсткасць, бязлітаснасць, бесчалавечнасць. Варварства фашысцкіх акупантаў.
2. Гіст. Устарэлая назва другога перыяду гісторыі чалавецтва (уведзена ў карыстанне вучоным Л. Морганам). Парная сям’я ўзнікла на мяжы паміж дзікасцю і варварствам, у большасці ўжо на вышэйшай ступені дзікасці, толькі дзе-нідзе на ніжэйшай ступені варварства. Энгельс.
варвары́зм, ‑а, м.
Запазычанае ці створанае па ўзору якой‑н. іншай мовы слова або выраз, які парушае нормы дадзенай мовы.
[Грэч. barbarismos.]
варво́ль, ‑ю, м.
Тое, што і ворвань. Антось агледзеў тут прылады, Калёсам добрадаў «памады», Густога дзёгцю і варволю. Колас. Дым гэты змяшаўся з пахам вымазаных варволем папоўскіх ботаў. Чорны.