ванітава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. ванітаваць (у 1 знач.).
ванітава́ць, ‑туе; безас. незак.
Разм.
1. Пра стан моташнасці, рвоты. [Алеся] ванітавала, але ён перамагаў гэта і піў датуль, пакуль пляшка не апусцела. Чарнышэвіч.
2. перан. Разм. Пра пачуццё агіды да каго‑, чаго‑н.
вані́ты, ‑аў; адз. няма.
Разм. Тое, што вывяргаецца са страўніка пры ванітаванні, рвоце.
ва́нна, ‑ы, ж.
1. Вялікая прадаўгаватая пасудзіна для мыцця, купання. Дзіцячая ванна. Мыцца ў ванне. // Спец. Пасудзіна рознай формы і памеру для вадкасці, у якую апускаюць розныя прадметы пры іх апрацоўцы.
2. Працэс мыцця, купання ў такой пасудзіне. Прыняць гарачую ванну.
3. Лячэбна-прафілактычны сродак. Паветраныя ванны. Сонечныя ванны.
[Ням. Wanne.]
ва́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ванны (у 1 знач.). // Абсталяваны ваннамі. Ванныя памяшканні.
2. у знач. наз. ва́нная, ‑ай (‑ае), ж. Пакой, прызначаны для ванны (у 1 знач.). [Яраш] распрануўся і, памыўшы ў ваннай рукі, заглянуў на кухню. Шамякін. [Інжынер:] — У мяне ўся сям’я — я ды жонка, а далі ў новым катэджы аж тры пакоі з ваннай: жыві, калі ласка. Даніленка.
ва́нтавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вантаў (у 2 знач.). Вантавы мост. Вантавыя канструкцыі.
вантрабя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Каўбаса, зробленая з вантробаў (у 2 знач.).
вантро́ба, ‑ы, ж.
1. Разм. Чэрава, жывот. Нямала прагная папоўская вантроба паглынула народнага дабра. «Звязда».
2. толькі мн. (вантро́бы, ‑аў). Унутраныя органы грудной клеткі і жывата. Адным узмахам нажа ад сябе.. [Мая] разразала срабрысты жывот судака, паварочвала нож лязом угару і ходам рукі назад тронкамі вычышчала вантробы. Дуброўскі. — І лісіца тут была, на свежаніну з’явілася, — дадаў.. [Дзямід], паказваючы на зямлю, — а над вантробамі крумкачы пастараліся. В. Вольскі.
•••
Пераесці (ад’есці) вантробы каму гл. пераесці.
вантро́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вантробаў.