апярэ́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Рухаючыся ў адным кірунку з кім‑, чым‑н., апынуцца наперадзе; абагнаць. Мартын раптам скідае з сябе павольнасць. Абагнаць Аўгіню, апярэдзіць яе і першым даплыць да забітай качкі! Колас. // Зрабіць што‑н. раней за другога. Лёня ўжо збіраўся, як толькі яны наблізяцца да скрыжавання, пастукаць па брызенце, але яго апярэдзіў Хоміч. Брыль.
2. перан. Дасягнуць лепшых вынікаў у параўнанні з кім‑, чым‑н.; апынуцца наперадзе каго‑, чаго‑н. у якіх‑н. адносінах; перавысіць. Апярэдзіць графік.
апярэ́нне, ‑я, н.
Пер’евае покрыва ў птушак; пер’е. Як пеўнік першым пасля пуху апярэннем, .. Алесь не мог пацешыцца форменнай вопраткай, шэрай з сярэбранымі галунамі. Брыль.
•••
Хваставое апярэнне самалёта — вертыкальныя і гарызантальныя плоскасці на задняй частцы самалёта.
апяча́таны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад апячатаць.
апяча́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Забараніць доступ да чаго‑н., наклаўшы сургучную пячатку. Апячатаць кватэру. □ [Макаль:] — Я прасядзеў гадзіны паўтары, як дурань, на лесвіцы, а пасля пайшоў дахаты, узяў сургуч, шнурок, медны пятак і апячатаў.. [Чапруковы] дзверы. Рамановіч.
апяча́тванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. апячатваць — апячатаць.
апяча́твацца, ‑аецца; незак.
Зал. да апячатваць.
апяча́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да апячатаць.
апячы́, апяку, апячэш, апячэ; апячом, апечаце, апякуць; пр. апёк, апякла, апякло; зак., каго-што.
1. Агнём ці чым‑н. гарачым, едкім, пякучым пашкодзіць скурнае покрыва; прычыніўшы боль, абпаліць. Сухія іголкі хвоі затрашчалі, шуганула полымя, і Цімох знячэўку апёк сабе руку. Колас. Андрэйка прыціснуўся да плота, балюча апёк крапівой лоб, але сцярпеў, нават не зварухнуўся. Ваданосаў. // Прычыніць пякучы боль, моцна ўдарыўшы чым‑н. Угары матнуўся пас высока І ў тую ж самую хвіліну Агнём апёк Алесю спіну. Колас.
2. перан. Раптоўна авалодаць кім‑н., выклікаўшы моцныя пачуцці; усхваляваць, уразіць. Самае праўдзівае з праўдзівых Слова [мір] людзям сэрца апякло. Звонак.
апячы́ся, апякуся, апячэшся, апячацца; апячомся, апечацеся, апякуцца; пр. апёкся, апяклася, апяклося; зак.
1. Атрымаць апёк, пашкодзіць сабе што‑н. агнём або чым‑н. гарачым, едкім, пякучым. Апячыся крапівою. □ Каля вады намочышся, каля агню апячэшся. Прыказка.
2. перан. Разм. Пацярпець няўдачу, нечакана сустрэць перашкоду пры спробе зрабіць што‑н. [Тодар Амяльянавіч:] — Не ведаю, як ты там у сваім «Каапгандлі», а я не раз ужо апёкся на гэтакіх справах. Вірня.
апяя́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад апяяць.