апера́тар, ‑а, м.
1. Уст. Доктар, які праводзіць аперацыю (у 1 знач.); хірург.
2. Кваліфікаваны рабочы, які кіруе работай складанага механізма або ўстаноўкі. Аператар стаіць збоку, а фрэза машыны, нібы слухаючыся рукі ўмелага майстра, рэжа на тоўстай пласцінцы пяціканцовую зорку, затым другую складаную геаметрычную фігуру. «Звязда».
3. Службовая асоба на транспарце, якая, прымае распараджэнні дыспетчара і паведамляе яму звесткі аб руху.
4. Спецыяліст, які праводзіць кіназдымкі; кінааператар.
апера́тарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм. Жанчына-аператар, якая кіруе работай складанага механізма або адказвае за выкананне вытворчага працэсу.
апера́тарскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае дачыненне да аператара.
2. у знач. наз. апера́тарская, ‑ай, ж. Памяшканне, у якім працуе аператар.
аператы́ўка, ‑і, ДМ ‑тыўцы; Р мн. ‑тывак; ж.
Разм. Кароткі сход для вырашэння неадкладных спраў; лятучка. Узбуджаны тон Булаевых выступленняў на аператыўках, гучныя плакаты, што віселі ў пралетах, усё сведчыла, што справы ідуць добра. Шыцік.
аператы́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць аператыўнага. Аператыўнасць у рабоце. Аператыўнасць кіраўніцтва. □ Для большай аператыўнасці, рухавасці атрада была выдзелена група партызан пад камандай Фёдара Іларыёнавіча Паўлоўскага. Чорны. Гонар міліцыі быў закрануты, і яна праявіла незвычайную аператыўнасць. Шамякін.
аператы́ўнік, ‑а, м.
Разм.
1. Аператыўны работнік — супрацоўнік органаў міліцыі, дзейнасць якога — папярэджанне і раскрыццё злачынстваў. Аператыўнікі зрабілі вобыск.
2. Афіцэр аператыўнага аддзела штаба воінскага злучэння.
3. Той, хто займаецца якой‑н. аператыўнай работай. Нарада забеспячэнцаў-аператыўнікаў.
аператы́ўны, ‑ая, ‑ае.
Здольны хутка і правільна выконваць практычныя задачы; дзейсны. — Абавязак кур’ера быць аператыўным, загады выконваць бездакорна. Васілевіч.
аперацы́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны для аперацыі, звязаны з аперацыяй (у 1 знач.); хірургічны. Аперацыйны стол. Аперацыйнае ўмяшанне. □ Калі іх, бацькоў, упусціла ў аперацыйны пакой, — маці з плачам кінулася да стала. Брыль. // у знач. наз. аперацы́йная, ‑ай, ж. Памяшканне ў бальніцы, дзе аперыруюць. Тата выходзіў з аперацыйнай, сястра здымала з яго халат і маску. Бяганская.
2. Звязаны з аперацыяй (у 2 знач.). Аперацыйны план кампаніі. □ Некаторыя часці, батальёны, роты біліся самастойна, без агульнага аперацыйнага кіраўніцтва. Колас. // Прызначаны для непасрэднага, практычнага ажыццяўлення чаго‑н. Аперацыйны аддзел. Аперацыйныя органы. □ Чуліся галасы, што паспеў ужо час аб’яднаць усе атрады адзіным аперацыйным цэнтрам, падпарадкаваць баявую дзейнасць усіх атрадаў адзінаму аперацыйнаму плану. Лынькоў.
3. Які мае адносіны да аперацыі (у 3 знач.). Канец аперацыйнага года.
4. Прызначаны для аперацыі (у 4 знач.). Аперацыйныя станкі.
апера́цыя, ‑і, ж.
1. Механічнае ўздзеянне на тканкі і органы цела (ускрыццё, выдаленне і пад.) з мэтай лячэння. Пластычная аперацыя. □ Адкрылася старая рана, і трэба было зноў рабіць аперацыю — вымаць асколкі. Васілевіч.
2. Сукупнасць баявых дзеянняў, аб’яднаных адной мэтай, адным заданнем. Наступальныя аперацыі. □ Удалая аперацыя супраць атрада немцаў набывала славу — казалі, што партызанская армія вось-вось уварвецца ў горад. Мікуліч.
3. Гандлёвая, фінансавая і пад. здзелка. Часамі здаралася так, што ў касе аперацый было мала, рабіць не было чаго, а аставацца там.. [Марыне] было цяжка. Скрыган.
4. Асобная закончаная частка тэхналагічнага працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы. Аперацыя па фармоўцы дэталей. Аперацыі на такарным станку. // Асобнае дзеянне сярод многіх іншых, з якіх складаецца работа якой‑н. установы. Аперацыі па страхаванні.
5. Разм. жарт. Дзеянне або шэраг дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнай мэты. Клопікаў.. высмаркаўся, асцерагаючыся, каб не вельмі былі трубнымі гукі пры гэтай далікатнай аперацыі. Лынькоў.
апе́рвацца, ‑аецца.
Незак. да аперыцца (у 1 знач.).