Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

старо́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Адзін з двух бакоў ліста паперы (у кніжцы, сшытку). Там, на першай старонцы, надрукавана была прамова Андрэя Клыгі. Чорны. [Візэнер] падаў ім разгорнуты том Энгельса і паказаў [савецкім] афіцэрам першую старонку, дзе быў партрэт. Шамякін. Андрэй Міхайлавіч выняў .. блакнот, адшукаў чыстую старонкі). Самуйлёнак. // Ліст (у кніжцы, сшытку). Вырваць старонку з кніжкі. □ Перш чым ехаць сюды, я звярнуўся да Сямёнава. Пагартаў пажоўклыя старонкі старой кнігі. В. Вольскі.

2. перан.; чаго або ў чым. Перыяд, этап у гісторыі, у развіцці чаго‑н. Я гэты горад [Вільнюс] знаю з даўніх дзён. І кожны раз мне новыя старонкі Суровай былі адкрывае ён. Танк. Станковая графіка даваеннага перыяду — цікавая і своеасаблівая старонка нашай культуры. Шматаў.

•••

Упісаць новую старонку ў што гл. упісаць.

старо́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да старана (у 2 знач.). Паляцела дзяўчына Самалётам гонкім Над шчаслівай краінай, Над роднай старонкай. Купала. Ой, старонка мая ты лясная, Беларуская наша зямля. Астрэйка.

старо́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да старонкі ​1 (у 1 знач.). Старонкавая нумарацыя.

старо́нні, ‑яя, ‑яе.

1. Які не належыць, не мае адносін да гэтага калектыву, сям’і і пад.; чужы. Старонні чалавек. □ Вера Сямёнаўна даручыла .. [Зосі] перадаць прывітанне, падзякаваць за насенне, высветліць сёе-тое па догляду за буракамі. Але дзе ж ты гэта зробіш пры старонніх людзях. Дуброўскі. Гэтая схільнасць упаўнаважанага — не дзіва, бо чалавек ён старонні і па-сапраўднаму не ведае, што гэта за птушка наш Лепятун. Кулакоўскі. / у знач. наз. старо́нні, ‑яга, м. Чалавек пэўна заўважыў старонняга ці не адразу ў той нават момант, як Залуцкі паказаўся на голым месцы. Чыгрынаў.

2. Чый‑н. іншы, не ўласны, не свой. Без будзільніка, без старонняй дапамогі .. [Гукан] мог дакладна ў назначаны час усхапіцца на ногі. Шамякін. Словам, трэба было жыць самастойна, без старонняй падтрымкі. Хведаровіч.

3. Які не мае прамых, непасрэдных адносін да чаго‑н.; пабочны. І раптам у выпраменьванні пульсара ўпляліся на хвалі вадароду староннія сігналы. Шыцік. Зноў .. [следчы] трымаў у сабе нешта прытоенае, асабліва не напіраў з допытам, і ці то думаў, як злавіць .. [Сотнікава], ці можа разважаў аб чымсь, зусім староннім. Быкаў.

старо́ста, ‑ы, ДМ ‑у, м.

Гіст. У Вялікім княстве Літоўскім і феадальнай Польшчы — службовая асоба, якая ўзначальвала адміністрацыю павета або ваяводства. Крыху пазней .. [Слонім] стаў каралеўскай эканоміяй, тут жыў каралеўскі намеснік — староста. «Помнікі». Князь аддаў загад старасту арыштаваць хлопца. Вялюгін.

старо́ства, ‑а, н.

Гіст.

1. У Вялікім княстве Літоўскім і феадальнай Польшчы — дзяржаўны маёнтак, які вялікі князь або кароль даваў на часовае карыстанне феадалам. Крычаўскае староства, якім у першай палавіне 18 ст. уладалі князі Радзівілы, было адным з буйнейшых ва ўсходняй Беларусі. «Весці». Тое [Дудзінскае] староства было падорана каралём раней князю Хадкевічу. Якімовіч. // Адміністрацыя на чале са старостам. Амаль усе памешчыкі з сем’ямі выехалі ў Глушэц, пад крыло паліцыі, староства і касцёла. Пестрак. Але як жа цяжка было здабыць у старостве дазвол на спектакль і канцэрт! Мядзёлка. З боку ад прэзідыума за асобным сталом размясцілася [афіцыйная] ўлада: прадстаўнікі староства і паліцыі. Машара.

2. Тое, што і старастоўства. Прыйдзе час — радзіма спамяне Яму [Юхіму] і дэзер[ці]рства, і староства. З. Астапенка.

старт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Момант пачатку спартыўных спаборніцтваў. Узяць старт. □ Барацьба за першае месца ў гонках з раздзельным стартам цікава тым, што ні адзін з удзельнікаў не ведае, з якой хуткасцю ідуць яго сапернікі. «Беларусь». // Момант узлёту лятальнага апарата. Цяжкі карабель немэтазгодна саджаць на планету, бо на старт затраціцца значная частка запасаў паліва. Шыцік. // перан. Пачатак чаго‑н. Ёсць свая праўда ў дзіцячай мары. Мара, яна ж старт бярэ ад жыцця. «Маладосць». Пройдзе люты — Мой старт пажыццёвы, Прашуміць, як віхор, нада мной. Прыходзька.

2. Месца, з якога пачынаюцца спаборніцтвы па хадзьбе, бегу, яздзе, плаванню. Каля старту сабралася шмат балельшчыкаў. Сіняўскі. // Месца, з якога праводзіцца ўзлёт лятальнага апарата. Услед за ім [самалётам] усе самалёты парулілі на старт, а пасля ўзляцелі. Алешка.

•••

На старт! — каманда спартсмену заняць месца на старце (у 2 знач.).

[Англ. start.]

стартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.

Пачаць (пачынаць) спартыўнае спаборніцтва па хадзьбе, бегу, яздзе, плаванню. Першымі стартуюць жанчыны на дыстанцыю 15 км на дарожных машынах. «Звязда». // Пачаць (пачынаць) палёт, узляцець (узлятаць) на лятальным апараце. Фантастыка? А колькі год мінула, Як першы спадарожнік стартаваў? Грахоўскі. Перш чым «Гедэон» стартаваў, наземныя і касмічныя станцыі доўга вывучалі прастору вакол намечанага раёна. Шыцік.

ста́ртавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да старту (у 1 знач.), звязаны са стартам. Стартавы сігнал. // Які служыць для падачы сігналаў на старце. Стартавы пісталет.

2. Які мае адносіны да старту (у 2 знач.), які знаходзіцца на старце, паказвае лінію старту. Стартавая лінія. Стартавая пляцоўка.

ста́ртэр, ‑а, м.

1. Той, хто дае сігнал старту.

2. Прыстасаванне, механізм для запуску аўтамабільных, авіяцыйных і пад. рухавікоў. Неўзабаве .. [Аляксей] залез у кабіну адной машыны, паспрабаваў завесці, Стартэр не дзейнічаў. Новікаў.

[Англ. starter.]

ста́ртэрны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стартэра (у 2 знач.). Стартэрны акумулятар.