старо́нні, ‑яя, ‑яе.

1. Які не належыць, не мае адносін да гэтага калектыву, сям’і і пад.; чужы. Старонні чалавек. □ Вера Сямёнаўна даручыла .. [Зосі] перадаць прывітанне, падзякаваць за насенне, высветліць сёе-тое па догляду за буракамі. Але дзе ж ты гэта зробіш пры старонніх людзях. Дуброўскі. Гэтая схільнасць упаўнаважанага — не дзіва, бо чалавек ён старонні і па-сапраўднаму не ведае, што гэта за птушка наш Лепятун. Кулакоўскі. / у знач. наз. старо́нні, ‑яга, м. Чалавек пэўна заўважыў старонняга ці не адразу ў той нават момант, як Залуцкі паказаўся на голым месцы. Чыгрынаў.

2. Чый‑н. іншы, не ўласны, не свой. Без будзільніка, без старонняй дапамогі .. [Гукан] мог дакладна ў назначаны час усхапіцца на ногі. Шамякін. Словам, трэба было жыць самастойна, без старонняй падтрымкі. Хведаровіч.

3. Які не мае прамых, непасрэдных адносін да чаго‑н.; пабочны. І раптам у выпраменьванні пульсара ўпляліся на хвалі вадароду староннія сігналы. Шыцік. Зноў .. [следчы] трымаў у сабе нешта прытоенае, асабліва не напіраў з допытам, і ці то думаў, як злавіць .. [Сотнікава], ці можа разважаў аб чымсь, зусім староннім. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)