Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ска́ргавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скаргі (у 2 знач.). Скаргавая камісія.

ска́рдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

1. Выказваць скаргу (у 1 знач.), незадавальненне. Ды яшчэ збіраліся пажылыя дзядзькі: скардзіліся адзін аднаму на свой лёс, расказвалі дзіўныя гісторыі, каб забыць хоць на час пра сваё шэрае жыццё. Шахавец. Не раз і старыя .. скардзіліся на нявестку. Васілевіч. Ля каменя ўпала Цярплівая маці ў знямозе, У роспачы скардзіцца стала Знаёмай дарозе. Куляшоў. Прыходзіць і прыязджае ў бальніцу многа людзей, што скардзяцца найбольш на боль галавы. Пестрак.

2. Падаваць, прыносіць скаргу (у 2 знач.). Міхал Стальмаховіч прыходзіў у тыя дні ў сельсавет да Кастуся і Мікалая скардзіцца, што Мікуць хацеў стравіць яму сенажаць. Чорны. Але скардзіцца Ільюк не пайшоў: Шэметы ніколі не скардзіліся, самі разбіраліся са сваёю крыўдай. Лобан.

3. Разм. Даносіць, нагаворваць. «Сам вінаваты, а бяжыць скардзіцца». Шыловіч. — Ідзі, ідзі, скардзіся!.. Мала я дбаю, што ты пажалішся. Чарнышэвіч.

ска́ржнік, ‑а, м.

Той, хто падае скаргу, хто скардзіцца.

ска́ржніца, ‑ы, ж.

Жан. да скаржнік.

скаржэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Высахлы, зацвярдзелы. — Цётачка, любенькая, — сказаў .. [Васіль], як калісь у маленстве. Ступіў да яе, узяў маленькую, лёгенькую, скаржэлую руку, пацалаваў. Кірэенка.

скаржэ́ць, ‑эе; зак.

Абл. Высахнуць, зацвярдзець. Счарнела пад бярозаю карытца. Зацвіў, скаржэў бярозавік на дне. Кірэенка.

скармі́ць, скармлю, скорміш, скорміць; зак., што.

Зрасходаваць на корм жывёле. Скарміць каровам кукурузны сілас. □ Атаву ж косяць восенню, калі ідуць дажджы .. Яна сыраватая, і яе спяшаюцца скарміць коням і каровам раней, чым сена. «Маладосць». // Разм. Зрасходаваць на ежу людзям.

скаро́джанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скародзіць.

скаро́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скародзіць.

скаро́дзіцца, ‑родзіцца; незак.

Зал. да скародзіць.